Беларусь паміж Індыяй і Латвіяй. Рэйтынг «добрых» краінаў свету


Беларусь заняла 82-е месца ў спісе самых «добрых» краінаў свету, паводле рэйтынгу на сайце Good Country Index. 81-ы радок рэйтынгу заняла Індыя, 83-е – Латвія. У Расеі 95-я пазіцыя, Украіне далі – 99-е месца.



Як сцвярджаюць складальнікі рэйтынгу, яны спрабавалі прааналізаваць, які ўнёсак кожная з краін ўнесла ў развіццё чалавецтва, наколькі кожная дзяржава дзейнічае ў інтарэсах усеагульнага дабра. У гэтым кантэксце слова «добры» з’яўляецца антонімам слова «эгаістычны», а не слова «кепскі», адзначаецца ў паведамленні арганізатараў.

Пры складанні рэйтынгу ўлічваўся ўзровень развіцця навукі і тэхналогіяў, культуры, бяспекі, аховы здароўя і іншых паказчыкаў у кожнай краіне.

У дачыненні да Беларусі вышэй за ўсё эксперты ацанілі ўзровень развіцця навукі і тэхналогій – 36-я пазіцыя рэйтынгу (Расея – 41-я), здароўя і дабрабыту – 46-е месца (Польшча – 81-я, Латвія – 104-я, Расея – 42-я).

Самы нізкі бал – 118-е месца – Беларусь атрымала за прыроду і ахову навакольнага асяроддзя.

У пяцёрку «найлепшых» краінаў трапілі Ірландыя, Фінляндыя, Швейцарыя, Галандыя і Новая Зеландыя. Рэйтынг быў складзены ўпершыню. Усяго ў яго ўвайшлі 125 дзяржаў. Апошняе месца заняла Лівія.

Складальнікі пераліку выкарысталі дадзеныя ААН, Сусветнага банку і іншых міжнародных інстытутаў.

МЯ, belsat.eu, паводле interfax.by

Стужка навінаў