Новы адрас амерыканскай культуры


Урачыстым пераразаннем чырвонай стужкі ў прысутнасці журналістаў, а таксама сімвалічным запускам у пакой рудога ката пачалося адкрыццё новага памяшкання Аддзелу інфармацыі, адукацыі ды культуры амбасады ЗША ў Беларусі.

{movie}Новы адрас амерыканскай культуры |right|17138{/movie}

ІТАН ГОЎЛДРЫЧ, ЧАСОВЫ ПАВЕРАНЫ Ў СПРАВАХ ЗША:
“Вітаю вас у новым Аддзеле інфармацыі, адукацыі і культуры амбасады ЗША ў Беларусі”. Новы офіс размешчаны ў адным з самых сучасных будынкаў у Менску і на сто адсоткаў даступны для людзей з інваліднасцю. Я спадзяюся, што шмат каму з нашых беларускіх сяброў спадабаецца наведваць гэты офіс і ўдзельнічаць у нашых праектах”.

Наведаць Аддзел інфармацыі, адукацыі і культуры амбасады можа любы ахвочы. Дзеля гэтага дастаткова патэлефанаваць у офіс і дамовіцца пра візіт. Тут можна скарыстацца бібліятэкаю амерыканскай літаратуры, а таксама пашырыць свае веды пра далёкую заакіянскую краіну. Апроч таго, аддзел займаецца арганізацыяй візітаў студэнтаў ва ўніверсітэты Злучаных Штатаў, аплачвае якія ўрад ЗША.

РОБІН СОЛАМЭН, КІРАЎНІЦА АДДЗЕЛУ ІНФАРМАЦЫІ, АДУКАЦЫІ І КУЛЬТУРЫ:
“Тое ж датычыць праграмаў прафесійнага абмену, калі беларусы едуць у Злучаныя Штаты на два-тры тыдні, каб сустракацца з сваімі калегамі ў розных сферах дзейнасці. Тут таксама ўсе выдаткі аплачваюцца”.

Аддзел амбасады ЗША займаецца і арганізацыяй культурніцкіх імпрэзаў непасрэдна ў Беларусі. Самая вядомая з іх – музычны фестываль “Амбасовішча”. Ён ладзіцца штогод, і сёлета пройдзе 28 жніўня на тэрыторыі амбасады ў Менску. Цяпер ідзе прыём заявак ад гуртоў, якія жадаюць зайграць на “Амбасовішчы”. Потым у “Фэйсбуку” пройдзе галасаванне за лепшых удзельнікаў, і пераможцы выступяць на сцэне фестывалю разам з запрошаным амерыканскім гуртом.

АЛЯКСЕЙ САЛАМАХА, ПРАЦАЎНІК АДДЗЕЛУ:
“І, магчыма, што, хутчэй за ўсё, у нас адзін ці два вядомыя беларускія выканаўцы таксама зайграюць”.

Адкрыццё новага памяшкання Аддзелу інфармацыі, адукацыі і культуры амбасады ЗША – апошняя вялікая справа часовага паверанага Ітана Гоўлдрыча. Неўзабаве ён завершыць сваю місію ў Беларусі і пакіне нашую краіну.

Аляксей Мінчонак, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў