Царква ці дзіцячы цэнтр?


Дзіцячы цэнтр тэхнічнае творчасці мае стаць царквою, а яго секцыі трэба перанесці ў розныя часткі гораду. Гэткую ідэю агучылі прадстаўнікі Магілёўскага аблвыканкаму і праваслаўнай іепархіі. Маўляў, да рэвалюцыі тут была царква святых Канстанціна і Алены. Аднак мірнае змены ўласніка будынку не атрымалася.

{movie}Царква ці дзіцячы цэнтр? |right|17139{/movie}

АНДРЭЙ МАРЧАНКА, БАЦЬКА ВУЧНЯ ЦЭНТРУ ТВОРЧАСЦІ:
“Быў сход тыдзень таму. На ім бацькам паведамілі, што ўжо прынятае рашэнне пра закрыццё школы. То бок паставілі перад фактам – усё. Бацькі пачалі абурацца, пратэставаць”.

Пратэсты змусілі царкву і мясцовых чыноўнікаў зладзіць чарговы сход. На ім людзям намагаліся патлумачыць, чаму будынку, у якім ужо шЭсцьдзесят гадоў дзеці займаюцца картынгам, авія- ды ракетамадэляваннем,трэба вярнуць першапачатковае прызначэнне.

ПРАДСТАЎНІК МАГІЛЁЎСКАЙ ЕПАРХІІ:
“Усё ж такі гэта святыня шмат для каго з вернікаў, і ў царкве трэба маліцца. Тым болей, што кожны раз, калі вернікі бачаць, што царква выкарыстоўваецца ў нейкіх іншых мэтах, – гэта насамрэч такая журбота для праваслаўнага чалавека, што ў царкве няма малітвы, у царкве – нешта іншае”.

Але бацькам, сярод якіх – таксама і вернікі, больш патрэбнае блізкае да дому месца, дзе дзеці змогуць займацца хобі.

Прапанаваныя ж гарадскімі ўладамі новыя месцы для дзіцячых секцыяў не толькі далёкія ад цэнтру гораду, але і месцяцца ў небяспечных раёнах, кажуць бацькі. Што ж да аргументаў святароў…

ІГАР КАЖЭМЯКА, БАЦЬКА ВУЧНЯ ЦЭНТРУ ТВОРЧАСЦІ:
“Гэтая святыня выкарыстоўваецца і цяпер на добрую справу. То бок дзеці нашыя тут займаюцца, дасягненні ў іх ёсць, і ў прынцыпе для дзяржавы ўвогуле – лепш, каб гэтак працягвалася. А калі, як тут казалі, перасяліць, то, можа, і перасяліць, але скласці неабходныя ўмовы”.

Цягам гадзіннае дыскусіі чыноўнікі новых аргументаў не знайшлі. Спрабавалі пераканаць бацькоў у асабістых размовах, але на камеру адказвалі традыцыйнае. У выніку бацькі атрымалі часовую перамогу. Хоць аблвыканкам лічыць пытанне адкрытым, прынамсі на нейкі час будынак на завулку Дарвіна застанЕцца свецкім.

Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”

https://youtu.be/ruxZghQAPYg

Глядзі таксама
Каментары