У Славянску падбілі верталёт. 9 загінулых


Недалёка ад Славянску тэрарысты збілі ўкраінскі ваенны верталёт Мі-8. Па інфармацыі прэс-сакратара антытэрарыстычнай аперацыі Уладзіслава Селязнёва і кіраўніка групы «Інфармацыйнае супраціў» Дмытра Тымчука, у выніку крушэння загінулі дзевяць чалавек.

«На борце знаходзіліся спецыялісты, якія ўсталёўвалі апаратуру з мэтай арганізацыі маніторынгу прасторы, фіксацыі фактаў парушэння Плана мірнага ўрэгулявання канфлікту на ўсходзе Украіны», – удакладніў Селязнёў у «Facebook’у».

Машыну падбілі ракетай пры ўзлёце з гары Карачун. Месца адкуль стралялі ўстаноўлена – туды накіравалі ваенную тэхніку і пошукава-выратавальную групу.

20 чэрвеня, пасля двухмесячнай антытэрарыстычнай аперацыі, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка абвясціў пра тыднёвае перамір’е, падчас якога баевікі павінны скласці зброю. Рушэнцы не прынялі ўмоваў спынення агню. Баі прыхільнікаў выхаду ўсходніх рэгіёнаў са складу Украіны з сілавікамі працягваюцца.

Уладзімір Пуцін, які раней падтрымаў план Парашэнкі, і папрасіў скасаваць дазвол на выкарыстанне расейскага войска ва Украіне, зрабіў новую заяву. Паводле яго, ультыматыўныя патрабаванні ўладаў Украіны аб раззбраенні сепаратыстаў у сямідзённы тэрмін не прынясуць рэальных вынікаў.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў