Прэстыжны прыз для фільму «Сейбіт»


Дакументальны фільм «Сейбіт» рэжысёра Юрыя Каліны выйграў Гран-пры ХХ Міжнароднага фестывалю мясцовага тэлебачання ў Кошыцэ на Славаччыне (www.festival.sk). «Сейбіт» зрабіў TVP Беласток на замову «Белсату».

На конкурс былі пададзеныя больш за 100 фільмаў і тэлевізійных праграмаў з дзясятка краінаў. Фільм Ежы Каліны журы адзначыла за «арыгінальнае выкарыстанне вобразаў сеяння і збору збожжа ў якасці метафары для рэальнага жыцця».

Галоўны герой – жыхар раёну Студзіводы ў Бельску Падляскім Дарафей Фіонік. Беларус, грамадзянін Польшчы з спрадвечных часоў, выпускнік праваслаўнай семінарыі і спявак у хоры.

Заснаваў гурт аўтэнтычнага падляшскага фальклору «Żemerwa», якім кіруе яго сястра Ганна Фіонік, арганізоўвае рэгулярныя этнаграфічна-фалькларыстычныя імпрэзы ў падляшскім ваяводстве з удзелам фальклорных калектываў Падляшшая і беларускага Палесся. Падчас этнаграфічных экспедыцый запісвае аўтэнтычны фальклор, выдае кружэлкі з забытымі песнямі.

Таксама з’яўляецца фермерам, з сям’ёй у традыцыйным стылі гаспадаруе над фермай памерам у некалькі гектараў. Збожжа малоціць цэпам, косіць сярпом і касой. Сее сваймі рукамі. Тым не менш, самым важным сваім абавязкам лічыць прасоўванне духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў на Падляссі.

{movie}Фільм «Сейбіт», трэйлер|right|17124{/movie}

Стужка навінаў