Лукашэнка запатрабаваў стварыць у Беларусі машыны, каб наносіць непапраўную шкоду суперніку


Беларусі патрэбна мабільная армія з эфектыўным узбраеннем. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў, наведваючы ў Барысаве абаронныя прадпрыемствы, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Пры наведванні завода па рамонце радыёэлектроннага ўзбраення прэзідэнт паставіў задачу па распрацоўцы і ўкараненню ў вытворчасць беларускага зенітна-ракетнага комплексу, які па сваіх характарыстыках не саступаў бы расейскаму зенітна-ракетнаму комплексу С300.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што гэтым пытаннем павінна займацца не адно прадпрыемства: «Стаўце задачу іншым прадпрыемствам: па электроніцы, оптыцы – і ўдарныя комплексы, узбраенне трэба ствараць».

«Нам патрэбна мабільная армія. Патрэбныя мабільныя машыны з эфектыўным узбраеннем, каб наносіць непапраўную шкоду суперніку. На гэтай базе трэба стварыць свой комплекс, і ён павінен быць не горш С-300», – падкрэсліў прэзідэнт Беларусі, адзначыўшы, што менавіта такі падыход у поўнай меры адпавядае канцэпцыі вядзення баявых дзеянняў у сучасных умовах з улікам спецыфікі Беларусі.

У ходзе наведвання прадпрыемстваў ён падкрэсліў, што для краіны мабільная тэхніка важней, чым танкі і самалёты. «Мы не будзем весці такую ​​вайну, як Расея, Амерыка і г.д. У нас, калі раптам, іншая вайна – нам патрэбныя гэтыя мабільныя шматмэтавыя машыны, каб мы маглі ў любы час паехаць куды трэба і нанесці непапраўную шкоду таму, хто сюды палезе », – растлумачыў Лукашэнка.

Яшчэ адно запатрабаванне прэзідэнта – стварыць мабільную машыну, «за якой стаялі б у чарзе людзі, гатовыя купіць яе за мяжой». «Таму падумайце над тым, як выйсці на новыя віды работаў, якія будуць прыносіць у краіну валюту – шмат валюты, больш, чым цяпер», – адзначыў прэзідэнт Беларусі.

ДР, паводле belta.by, forbes.ru

Стужка навінаў