Фільм пра царкву «Новае жыццё» – на фестывалі ў Польшчы.


«Шанец на новае жыццё» – дакументальны фільм Юрыя Каліны, зняты для тэлеканалу «Белсат», – адабралі да ўдзелу ў конкурсе VII Міжнароднага фестывалю мастацтва рэпартажу «CAMERA OBSCURA–2010» у Быдгашчы (Польшча).

Фільм распавядае пра царкву «Новае жыццё», пра змаганне яе вернікаў за права на існаванне. Героі фільму, вернікі царквы «Новае жыццё», пераважна інтэлігенцыя і моладзь, але таксама і людзі, якія прайшлі праз цяжкасці ў жыцці. Раней яны былі алкаголікамі, наркаманамі, бяздомнымі, але цяпер, дзякуючы хрысціянскай супольнасці, яны наноў знайшлі сябе і вярнуліся ў рэальнасць. Дзякуючы веры, атрымалі шанец на новае жыццё.

Аўтар фільму – Юрый Каліна, вядомы беларускі тэлежурналіст і рэжысёр шматлікіх дакументальных фільмаў і рэпартажаў, якія рэпрэзентаваліся на міжнародных кінафестывалях. Сярод узнагароджаных стужак – «Ад голаду і мору», «Чарнобыльцы», «Партызанская школа», «Апошні дыктатар Еўропы», «Пагоня за праўдаю». Юрый Каліна паходзіць з Падляшша і працуе ў беластоцкім аддзеле Польскага тэлебачання, а таксама ўзначальвае беластоцкую рэдакцыю «Белсату». Апошні ягоны фільм «Царква на мяжы» распавядае пра стараабрадніцкую царкву на беларуска-польскім памежжы і пра яе вернікаў, якіх падзяліла мяжа.

Сёлетні фестываль будзе прысвечаны ролі ваеннага карэспандэнта ды ідэі грамадзянскай журналістыкі. Фестываль «CAMERA OBSCURA» адбудзецца 20–23 кастрычніка ў Польскім тэатры ў Быдгашчы.

Стужка навінаў