Лукашэнка «аштрафаваў» іранцаў на $ 2 млн: цяпер яны мусяць заплаціць за... будынак Вярхоўнага Суда


Іранскія інвестары не паспелі збудаваць гандлёва-забаўляльны цэнтр з офісамі і гатэлем, таму будуць узводзіць за свой кошт будынак Вярхоўнага Суда. Такі загад выдаў Аляксандр Лукашэнка.

Інвестыцыйны праект «Магніт Менск» з’яўляецца адным з самых дарагіх замежных праектаў у Менску – 250 млн еўраў. Гэта гіганцкі комплекс побач з Нацыянальнаю бібліятэкай агульнаю плошчай амаль у 200 тысяч квадратных метраў. Паводле праекту ён складаецца з двюх вежаў з офіснымі памяшканнямі і гатэлем. Паміж імі – гіпермаркет, кінатэатр і каток.

Аднак іранскі інвестар – кампанія «Кейсон», гэтак і не паспеў дабудаваць комплекс да 2013 года, як гэта было ў планах. Аляксандр Лукашэнка выдаў адмысловы ўказ, паводле якога тэрмін здачы аб’екту працягнуты да 2016 года. Узамен інвестар «прадстаўляе Рэспубліцы Беларусь грашовыя сродкі для фінансавання праектавання і будаўніцтва новага будынку Вярхоўнага Суда ў памеры 2 000 000 долараў ЗША у тэрмін не пазней за 31 снежня 2014 г.»

Замежныя кампаніі, што вырашыліся на буйныя інвестыцыі, паводле Дэкрэту № 10 маюць беспрэцэдэнтных шэраг ільготаў. Замежнікі могуць атрымаць у арэнду зямельны ўчастак без аўкцыёну, не мусяць выплачваць кампенсацыю за вырубленыя лясы, плаціць зямельны падатак, пошліны на ўвоз тэхналагічнага абсталявання і выдачу дазволаў на замежную працоўную сілу.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў