Вайна ва Украіне: Перамір'е як падрыхтоўка ўдару


На вайсковай базе пад Кіевам байцы батальёну «Данбас» прынялі прысягу на вернасць народу Украіны, такім чынам уступіўшы ў Нацыянальную гвардыю. Большасць з іх – карэнныя жыхары Данбасу. Цяпер вайскоўцы паедуць у якасці падмогі на ўсход Украіны, у зону антытэрарыстычнай аперацыі.

{movie}Вайна ва Украіне: Перамір’е як падрыхтоўка ўдару |right|17121{/movie}

Такую ж прысягу далі сёння на Сафійскай плошчы Кіева байцы батальёну «Азоў».

БАЕЦ БАТАЛЬЁНУ «АЗОЎ»:
«Як будзе, так будзе. Мы рыхтуемся абараняць Радзіму».

Яны адправяцца на поўнач Данецкай вобласці.

АНТОН ГЕРАШЧАНКА, ДАРАДЦА МІНІСТРА ЎНУТРАНЫХ СПРАВАЎ:
«Украіна супакоіцца тады, калі апошняга тэрарыста або пасадзяць у турму, або ён пакіне тэрыторыю Украіны ў жывым ці нежывым выглядзе».

Але пакуль што прарасейскія баевікі яшчэ там. Напярэдадні ў цэнтры Данецку сепаратысты атрымалі падмацаванне і таксама давалі прысягу.

Украінскія ўлады кажуць як пра грамадзянаў Расеі сярод баевікоў, гэтак і пра зафіксаваныя выпадках прыгону «навабранцаў» у Данецку і Луганску.

УЛАДЗІМІР ЧАПАВЫ, РАДА НАЦБЯСПЕКІ УКРАІНЫ:
«Тэрарысты спрабуюць аднавіць людскія рэзервы за кошт прымусова далучаных у іх шэрагі мясцовых грамадзянаў».

Сёння ж у Данецку пачаліся гэтак званыя мірныя перамовы пад эгідаю АБСЕ. Аднак перамовы непаўнавартасныя – Кіеў рэпрэзентуе толькі экс-прэзідэнт Леанід Кучма. Магчыма, каб прыдаць сілу гэтым перамовам, сёння сепаратысты ад раніцы амаль не адкрывалі агонь па вайскоўцах. Аднак на выходных абвешчанае Кіевам перамір’е баевікі актыўна парушалі. Зафіксаваны нават мінамётны агонь па ўкраінскіх памежніках беспасярэдне з расейскай тэрыторыі.

УКРАІНСКІ ВАЙСКОВЕЦ:
«Супрацьпяхотная міна фугасная ГМ-533 для знішчэння жывой сілы і лёгкай тэхнікі праціўніка… Стаіць на ўзбраенні Расеі ды Англіі».

Расейскай зброі на Данбасе ўсё больш. Сепаратысты пачалі карыстацца новымі снайперскімі вінтоўкамі «Выхлап» калібру 12,7 мм. Гэтая бясшумная зброя створаная па замове спецназу ФСБ. Баевікі пачалі і рэйкавую вайну – напярэдадні паспяхова ўзарвалі цягнік пад Данецкам. Праўда, вагоны аказаліся расейскія.

РАМАН, МЕХАНІК ЧЫГУНКІ:
«Сышлі з рэек 14 грузавых вагонаў, пашкоджаныя цотны і няцотны шляхі. Руху абсалютнага няма пакуль што».

Калі гэ пойдзе далей, Кіеў можа таксама адмяніць перамір’е.

ЮРЫЙ ЛУЦЭНКА, ДАРАДЦА ПРЭЗІДЭНТА УКРАІНЫ:
«План «Б» – гэта план, калі баевікі не прыслухаюцца да голасу розуму, не складуць зброі ды будуць працягваць, фактычна захапіўшы закладнікамі мільёны насельніцтва, украінцаў, працягваць ваенныя дзеянні супраць нашай дзяржавы. Вядома, тады давядзецца дзеяць адэкватна. Давядзецца знішчаць тых, хто знішчае знутры ўкраінскую дзяржаву».

Перамір’е мусіць падтрымаць і Расея, якую на Захадзе лічаць адказнай за вайну на Данбасе. Еўразвяз чакае ад Масквы рэальнай падтрымкі мірнага плана Парашэнка. Тэрмін – да пятніцы.

ЎІЛЬЯМ ГЭЙГ, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ БРЫТАНІІ:
«Прэзідэнт Пуцін можа не сумнявацца, што ў Еўрапейскім Звязе гатовыя ўвесці гэтыя санкцыі. Мы шмат працы зрабілі, каб падрыхтаваць шырокія санкцыі супраць Расеі».

Пытанне ў тым, ці зможа цяпер Масква кантраляваць шматлікія «групоўкі» і «вольніцы», што дзеюць на Данбасе.

Марцін Ярскі, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў