Замірэнне на ўсходзе Украіны сарвалі


У адказ на ініцыятыву Пятра Парашэнкі рэалізаваць мірны план урэгулявання на ўсходзе Украіны тэрарысты на Данбасе працягваюць узброеныя атакі.

Загад аб спыненні баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны Парашэнка аддаў 20 чэрвеня. Аднак кіраўніцтва самаабвешчанай „ДНР” не прызнала ўмоваў перамір’я, парушыўшы рэжым аб спыненні агню ўжо 29 разоў.

План Парашэнка па мірным урэгуляванні ўключае 15 пунктаў. Сярод іх: гарантыі бяспекі для ўсіх удзельнікаў перамоваў; вызваленне ад крымінальнай адказнасці тых, хто склаў зброю і не зрабіў цяжкіх злачынстваў; вызваленне закладнікаў; стварэнне 10-кіламетровай буфернай зоны на ўкраінска-расейскай дзяржаўнай мяжы і вывад незаконных узброеных фармаванняў; гарантаваны калідор для выхаду расейскіх і ўкраінскіх наймітаў; раззбраенне. Калі часовае перамір’е не прынясе станоўчых вынікаў, Парашэнка гатовы перайсці да плану «Б» – ліквідацыі тэрарыстаў.

Еўрасаюз падтрымаў план Пятра Парашэнкі і запатрабаваў ад Расеі адвесці войскі ад украінскай мяжы. У іншым выпадку Маскве пагражаюць санкцыі, паведаміў міністр замежных спраў Вялікабрытаніі напярэдадні пасяджэння Савета ЕС.

Сваю гатовасць садзейнічаць шматбаковаму дыялогу з тэрарыстамі асабіста выказала канцлер Нямеччыны Ангела Меркель. У тэлефоннай размове з прэзідэнтам Расеі яны абмеркавала шляхі пераадолення крызісу на ўсходзе Украіны.

Як паведамляе прэс-служба Крамля, падчас размовы Пуцін падтрымаў мірны план, аднак падкрэсліў, што агучаныя намеры павінны быць падмацаваныя рэальным спыненнем агню.

ДР, belsat.eu паводле rosbalt.ru, liga.net

Стужка навінаў