Ісламісты рыхтуюцца падарваць у Іраку ГЭС


Суніцкія экстрэмісты з групоўкі “Ісламская дзяржава Іраку і Леванту” ўзялі пад кантроль яшчэ два асноўныя памежныя пункты ў іракскай правінцыі аль-Анбар – гарады аль-Ўалід на мяжы з Сірыяй і Турэйбіль на мяжы з Іярданіяй.

Такім чынам, зараз баевікі цалкам кантралююць іракска-сірыйскую мяжу.

Акрамя таго, за апошнія два дні экстрэмісты ўвайшлі ў стратэгічна важныя гарады аль-Каім, эр-Рутбу і Раву, а ў горадзе ар-Рамадзі яны ўзарвалі дзве бомбы. У выніку тэракту загінулі 12 мірных жыхароў.

Захоп памежных пераходаў дазволіць баевікам амаль бесперашкодна перапраўляцца з цяжкім узбраеннем праз мяжу з Сірыяй, адзначае агенцтва AP.

Існуе небяспека, што баевікі паспрабуюць захапіць горад Эль-Хадысе, дзе размяшчаецца буйная гідраэлектрастанцыя, што можа абярнуцца катастрофай рэгіянальнага маштабу. Для аховы стратэгічнага аб’екту перакінутыя дадатковыя 2000 салдат, піша іракская прэса.

Раней прэм’ер-міністр Ірака Нуры аль-Малікі настойліва прасіў ЗША аказаць яго краіне падтрымку і нанесці авіяўдары па пазіцыях ісламістаў. Аднак Вашынгтон адмовіўся ад прамога ўдзелу ва ўнутраным канфлікце ў Іраку.

Сітуацыя ў Іраку абвастрылася на пачатку чэрвеня. Баевікі захапілі шэраг населеных пунктаў, у тым ліку другі па велічыні горад краіны – Масул. Ісламісты таксама аб’яўлялі пра намеры ўзяць штурмам Багдад.

ДР, belsat.eu паводле interfax.ru, 9tv

Стужка навінаў