Паралакс: Уся справа ў капелюшы


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпохаў – у праектах нашага сайту піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.

З-за мастацкай і гістарычнай вартасцяў фатаграфію Альберта Корды неаднаразова прызнавалі сімвалам мінулага стагоддзя і найпапулярнейшым здымкам свету. Аўтара можна параўнаць з Калашнікавым – мільёны копій твора не прынеслі творцу ані славы, ані грошай.

Альберто Корда свой першы апарат – танны аматарскі Кодак – атрымаў у падарунак ад бацькі ў раннім дзяцінстве. Фатаграфаванне зацягнула хлопца – хутка ён пачне здымаць на вяселлях: бегчы праяўляць, друкаваць і прадаваць здымкі гасцям як сувеніры. Пазней Корда трапіць у моду ды рэкламу, наладзіць супрацу з нешматлікімі кубінскім выданнямі, каб урэшце стаць асабістым фатографам Кастра.

5 сакавіка 1960 года ў Гаване была абвешчаная жалоба ў сувязі з выбухам карабля Le Coubre, які ўнёс жыцці сотні людзей. Падчас прамовы Кастра на марскім узбярэжжы фатограф заўважыць міністра прамысловасці Эрнэста Гевару, які ненадоўга падыйдзе да выступоўцаў: як кваліфікаваны доктар, ён асабіста дапамагаў ахвярам трагедыі і не хацеў марнаваць часу на гучныя словы. Фатограф паспее зрабіць два здымкі задумённаму камандантэ, а потым аднясе іх у газету “Revolucion”, аднак рэдакцыя адмовіцца іх публікаваць.

Пройдзе сем гадоў, Чэ страціць жыццё ў балівійскіх лясах, а правы на публікацыю ягоных дзённікаў атрымае італьянскі выдаўца Дж’яджакома Фэльтрынелі. Шукаючы ілюстрацыі, італьянец атрымае кантакт да Корды і замовіць некалькі адбітак. Твар Гевары трапіць на вокладку і рэкламныя плакаты. З гэтага часу здымак назаўсёды урэжэцца ў публічную свядомасць па ўсім свеце. Студэнцкія арганізацыі, палітычныя партыі і сувернірныя крамы будуць выкарыстоўваць яго без аўтарскіх адлічэнняў – магчымасць так рабіць дасць ім сам Кастра, які адмовіўся падпісаць Бернскую канвенцыю па ахове літаратурных і мастацкіх твораў.

Сам Корда не меў ніякіх прэтэнзій да эксплуатацыі сваёй фатаграфіі, бо лічыў, што гэта спрыяе папулярнасці любімага рэвалюцыянера. Наймаць юрыстаў для судовых баталіяў будуць ужо ягоныя дзеці – пасля смерці Альберта ў 2001 годзе.

Дзяніс Дзюба для belsat.eu

Стужка навінаў