Міны з угнаенняў і адныя майткі на 30 чалавек – будні беларускіх партызанаў


Больш цікавых падрабязнасцяў пра партызанскую вайну ў Беларусі глядзіце ў праграме «Intermarium» 9 траўня а 21:25

Як Сталін спужаўся партызанаў, а НКВД стварыла атрад з інвалідаў-вешчуноў. Першыя месяцы вайны – цікавыя факты з мала даследаваных дакументаў.

Як вядома, СССР аказаўся не падрыхтаваным да вайны з Нямеччынаю. Савецкія жаўнеры разбягаліся перад гітлераўскімі войскамі, а весці добра арганізаваную партызанскую вайну не было каму. Хоць да 1937 года на тэрыторыі Беларусі існавалі разбудаваныя заканспіраваныя структуры, гатовыя да вядзення партызанскай вайны і акцыяў сабатажу…

Сталін спужаўся партызанаў

Што праўда, канцэпцыя захопніцкай вайны супраць Захаду, якая панавала ў СССР у 1920-я гады і ўтрымлівала стратэгію «наступальнай абароны», не прадугледжвала займання ворагам савецкіх тэрыторыяў. Аднак шляху да Нямеччыны з ейным прамысловым патэнцыялам, магутным працоўным класам ды геапалітычным становішчам, якое мела адыграць ключавую ролю ў распальванні сусветнай рэвалюцыі, стаяла Польшча. У 1920-м Саветы ўжо атрымалі горкі досвед пад Варшаваю і ў выпадку чарговага наступу, мяркуючы па ўсім, баяліся паўтору гэтай сітуацыі. Таму на мяжы з Польшчаю і паўставалі сакрэтныя партызанскія структуры, гатовыя прыйсці на дапамогу ў выпадку контрнаступу.
На пачатку 1930 у БССР існавала 6 канспірацыйных аддзелаў па 300-500 чалавек, якія прыкідваліся мясцовымі сялянамі. Паўставалі школы для партызанаў. Аднак найпазней у 1937 годзе Сталін і ягонае атачэнне ўбачылі ў вышкаленых партызанах унутраную пагрозу. Людзей, якія займаліся арганізацыйнаю працай, расстралялі падчас чыстак 1938–39 гадоў, а склады зброі па-хуткаму ліквідавалі…

Рапарт НКВД: жыхары з радасцю вітаюць немцаў

Сяржант Дзяржбяспекі Міхаіл Аверын у рапарце аб сітуацыі ў Віцебску 29 верасня 1941 года пісаў: «Большасць жыхароў Віцебску з радасцю вітаюць уваход нямецкага войска […] Па дарозе я спаткаў шмат дэзерціраў з Чырвонай Арміі».
Нямецкая калона ля мірскага замка. Фота archives.gov.by
У рапарце працаўнікоў НКВД Іванова і Нароенкі з 29 лістапада 1941 года чытаем: «Усю сваю скаціну аддалі немцам, якія стаяць па іншым баку возера. Некаторыя казалі, што немцы прыйшлі, каб іх вызваліць, напрыклад, адна жанчына, […] якую мы пазней застрэлілі». І далей: «Трэба заўважыць, што ў Беларусі каля 90 % усіх здольных насіць зброю мужчын засталіся дома, дэзертуючы з Чырвонай Арміі».

На 30 партызанаў – 1 майткі

Партызанскія атрады паўставалі стыхійна. Іх стваралі былыя жаўнеры і афіцэры Чырвонай Арміі («акружэнцы») і савецкія актывісты. Першыя месяцы гэта было проста спосабам выжывання (каб не трапіць у рукі немцаў), баявых акцыяў яны амаль не праводзілі. Стваралі атрады і працаўнікі НКВД. Але іх падапечным бракавала ведаў, як весці партызанскую вайну. Да таго ж, у іх не было ні зброі, ні выбухоўкі, ні нават мапаў і компасаў. І гэта ў сітуацыі, калі шмат хто быў вымушаны перасоўвацца па незнаёмай для сябе мясцовасці. Пад канец 1941 года шмат якія групы распаліся. А большасць савецкіх вайскоўцаў і палонных, якім удалося збегчы, нават і не думалі пра барацьбу. Яны ўладкоўваліся на працу ў сельскай гаспадарцы. Адна з прычынаў адмовы ваяваць былі шакуючыя паразы савецкіх войскаў на пачатку вайны.
Каб паставіць барацьбу на прафесійныя рэйкі, у Гомлі арганізавалі цэнтр па падрыхтоўцы партызанаў і дыверсантаў, якія пасля дзейнічалі ў акупаванай Беларусі. Курс цягнуўся ўсяго 30 гадзінаў. Да таго ж, для новаспечаных байцоў не хапала зброі, таму выпускнікі нярэдка адмаўляліся перакрочваць лінію фронту. Паколькі міны для партызанаў пачалі прадукаваць толькі ў ліпені 1941-га, выбухоўку даводзілася рабіць самім са штучных угнаенняў, якія ўтрымлівалі аміяк. На 7770 выпускнікоў цэнтру ў 1941 годзе выдалі 2540 мін і дэтанатараў, 440 пар абутку, 330 зімовых куртак і… 260 штук бялізны.

Партызанскі атрад інвалідаў-вешчуноў

Цэнтры па падрыхтоўцы паўсталі таксама ў Кіеве, Арле, Ленінградзе, Вязьме, Растове, Астрахані. А непадалёк ад Вязьмы, у горадзе Гжацку (з 1968 года – Гагарын), працаўнікі НКВД сфармавалі, бадай, самы арыгінальны партызанскі атрад – з пастаяльцаў Дома для інвалідаў і састарэлых. Яго чальцы мелі перамяшчацца без зброі па тэрыторыях, занятых ворагам, і выступаць у ролі «прарокаў». А менавіта распавядаць жыхарам, што падчас «айчыннай вайны» 1812 года ў Расею на чале з Напалеонам уварваліся прускія войскі. І тады такія ж старыя людзі ішлі ўслед за войскам агрэсараў і прадказвалі іхную паразу. Прароцтва споўнілася. Маўляў, гэтаксама будзе з гітлераўцамі.

Падзякавалі, а потым згнаілі

Узнагароджанне партызанаў у жніўні 1941 года. Фота vsr.mil.by

Зваротным момантам у гісторыі партызанскага руху быў контрнаступ савецкіх войскаў зімою 1942 года. Адзін з самых вядомых і дысцыплінаваных атрадаў – палкоўніка Нічыпаровіча – дзейнічаў паміж Менскам і Магілёвам. Яму ўдалося не толькі правесці шмат паспяховых аперацыяў, але і зрабіць немагчымае – галоднымі ды амаль бяззбройнымі, у бясконцым чаканні абяцанага цэнтральным кіраўніцтвам самалёту з дапамогаю, вырвацца з нямецкага ачаплення, прычым з невялікімі стратамі.

Пасля палкоўніка Нічыпаровіча запрасілі ў Маскву, дзе ён распавядаў пра цяжкасці партызанскіх будняў. А калі адмовіўся вяртацца назад ды стаў ахвяраю змовы сваіх калегаў па барацьбе (паводле іх, ён прыпісваў сабе чужыя заслугі), згнаілі ў турме НКВД. Ён памёр на пачатку 1945 года, гэтак і не дачакаўшыся перамогі.

Звесткі, якія ніхто не змог расшыфраваць

Яшчэ ў 1942 годзе сувязь партызанскіх фармаванняў з цэнтральным кіраўніцтвам практычна адсутнічала. Цэнтральнаму штабу партызанскага руху, які ўзначаліў першы сакратар ЦК КП(б)Б Панцеляймон Панамарэнка, падначальваліся амаль 95 тыс. партызанаў у Беларусі і Украіне. У лістападзе на ўсіх прыходзілася 217 радыёстанцыяў. Тэлеграфістаў, як і партызанаў, рыхтавалі аўральнымі тэмпамі, таму даволі часта расшыфраваць пераказаныя імі звесткі ніхто не мог…
Фота vsr.mil.by
Вядома, што партызаны славіліся не толькі перамогамі ў рэйкавай вайне, але і на любоўным фронце. Нават у дысцыплінаваным атрадзе Панамарэнкі, паводле ягоных жа сведчанняў, некалькі падраздзелаў «вядуць распуснае жыццё, сядзяць у вёсках, чужаложаць, гоняць самагон і п’юць. Агенты даносяць пра гэта немцам, а тыя пасля бамбяць і паляць вёскі».

Партызаншчына ў Беларусі вачыма немцаў і саветаў

Звесткі, выкарыстаныя ў матэрыяле паходзяць з новай кнігі польскага гісторыка Богдана Мусяла «Савецкія партызаны 1941-1944. Міфы і рэчаіснасць» (Bogdan Musiał, Sowieccy partyzanci 1941-1944. Mity i rzeczywistość, Poznań: Zysk i S-ka, 2014, 653 s.). Праца паўстала на падставе расейскамоўных дакументаў, якія захоўваюцца ў беларускіх і расейскіх архівах, а таксама польскіх, нямецкіх, яўрэйскіх і іншых гістарычных крыніцаў. Аўтар цытуе мала даследаваныя радыёграмы партызанскіх атрадаў цэнтральнаму кіраўніцтву, а дзякуючы параўнанню фактаў і лічбаў у справаздачах савецкага і нямецкага бакоў спрабуе рэканструяваць праўдзівую карціну падзеяў другой сусветнай вайны, перадусім на тэрыторыі Беларусі.
Богдан Мусял у 1985 годзе атрымаў палітычны прытулак у Заходняй Нямеччыне. Вывучаў гісторыю, сацыялогію і паліталогію ва ўніверсітэтах Гановера і Манчэстэру. Працаваў у Нямецкім гістарычным інстытуце ў Варшаве і ў Інстытуце нацыянальнай памяці. Сярод ягоных вядомых гістарычных працаў – выдадзеныя па-польску «На Захад па трупе Польшчы» (2009) і «Вайна Сталіна. 1939-1945. Тэрор, грабеж, дэмантажы» (2012).
ІА, belsat.eu
(артыкул публікаваўся на нашай старонцы 22 чэрвеня 2014 года)
Стужка навінаў