Як жыхары Данецку перабраліся ў Беларусь і прывезлі з сабою сваю працу


Яшчэ 28 жыхароў Данецку пераехалі ў Беларусь. Ад тых, хто просіць статус уцекача, гэтыя людзі адрозніваюцца тым, што разам з сабою яны забралі ў Менск сваю працу. Тое, што з Данецку час з’язджаць, кіраўнік буйнога рэкламнага агенцтва вырашыў яшчэ на пачатку ўзброенага неспакою.

{movie} Міграцыя ITшнікаў|right|17103{/movie}

АРЦЁМ ГЕРАШЧАНКА, ДЫРЭКТАР РЭКЛАМНАГА АГЕНЦТВА «GEKOS»:

“У мяне была дакладная інфармацыя, што яшчэ ў красавіку на руках было 12 000 адзінак незарэгістраванай зброі. Мы разумелі, што набліжаецца махноўшчына”.

Кампанія, якая гандлюе рэкламаю ў інтэрнэце, не моцна залежыць ад месцазнаходжання, таму кірунак для пераезду выбіралі згодна з падобнымі эканамічнымі стандартамі ды адкрытасцю рынку.

Фірма, якая складалася з 80 чалавек, скарацілася напалову. Апроч Беларусі, офіс кампаніі адкрыўся таксама ў Балгарыі. Аднак ёсць і тыя, хто застаўся працаваць на трывожным украінскім усходзе. Меркаванні пра сітуацыю там у кампаніі падзяліліся, галоўную ж праблему сёння ўсе акрэсліваюць аднолькава.

ГАННА ВЕШНЯКОВА, МЕНЕДЖАР ПА ПРОДАЖАХ:

“Анархія, і няма ўлады як такой. Кожны можа назваць сябе ўладаю. Вось народны мэр. Я прыйду і скажу – я хачу. Гэта дзіўна. Гэтым карыстаюцца тыя, хто насамрэч нікога не падтрымлівае – толькі сябе. Яны надзелі маску, кімсьці сябе назвалі, і пачынаюцца марадзёрствы, спыняюць на вуліцы”.

Паводле працаўнікоў агенцтва, адначасова з імі ў Беларусь пераязджаюць яшчэ дзве IT-кампаніі. Агулам колькасць мігрантаў з Данеччыны і Луганшчыны ў Беларусь з пачатку года вырасла на траціну. 65 чалавек ужо папрасілі статусу ўцекача, каля 700 зарэгістраваліся для таго, каб працаваць, каля 400 – папрасілі від на сталае жыхарства.

АЛЯКСЕЙ БЯГУН, МІНІСТЭРСТВА ЎНУТРАНЫХ СПРАВАЎ:

“Калі раней асноўны паток мігрантаў быў з Афганістану, летась – з Сірыі, то сёлета дамінуе Украіна”.



Героям нашага матэрыялу пакуль у Менску падабаецца. Іх цешыць колькасць вольных нішаў на рынку IT ды таннейшага, чым у Данецку, жытла ў навабудах. А таксама – міралюбнасць беларускага народу.

АРЦЁМ ГЕРАШЧАНКА, ДЫРЭКТАР РЭКЛАМНАГА АГЕНЦТВА «GEKOS»:

“Ён практычна заўсёды апалітычны, яму важна быць у цяпле ды бяспецы, і, па вялікім рахунку, шмат каму ўсё роўна, хто будзе пры ўладзе – Лукашэнка, Парашэнка, Пуцін”.

Украінскія рэкламнікі не выключаюць, што нехта з іх пажадае і асесці ў цёплым бяспечным Менску. Але большасць усё ж спадзяюцца вярнуцца дадому – калі ў Данецк прыйдзе мір ды адносная пэўнасць.

Адэля Дубавец, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў