Уладзімір Някляеў: Будзе лагічна, калі вызваляць не толькі Алеся Бяляцкага


Вызваленне праваабаронцы Алеся Бяляцкага са зняволення звязана з палітычнай сітуацыяй, у якой Аляксандр Лукашэнка зноў спрабуе намацаць магчымасць нейкіх палітычных кантактаў з Еўразвязам, лічыць лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў.

«Націск Расеі ў сувязі з падзеямі ва Украіне становіцца вельмі небяспечным. Еўразвяз аб`явіў гэтак званую асаблівую фазу ў адносінах з Беларуссю, і адным з патрабаванняў развіцця гэтай фазы, аднаўлення нейкага дыялогу Еўразвязу і Беларусі было вызваленне палітзняволеных, — сказаў Някляеў. — І будзе лагічна, калі будзе вызвалены не толькі Алесь Бяляцкі, але і ўсе астатнія людзі, якія без дай прычыны ўжо столькі гадоў знаходзяцца ў турме».

«Не ведаю, ці пойдзе Лукашэнка і на другі крок следам за першым, але зараз гэта было б вельмі добра. Не толькі для тых, каго вызваляць, але добра і для Беларусі ў цэлым, для таго, чаго мы ўсе чакаем, — нейкіх пераменаў у нашым жыцці і нейкай надзеі на лепшую будучыню», — падкрэсліў палітык.

Уладзімір Някляеў згадаў, што на прэс-канферэнцыі, якую даваў Лукашэнка, кіраўнік агенцтва БелаПАН Алесь Ліпай узняў пытанне аб вызваленні Алеся Бяляцкага, сказаўшы, што чалавек сядзіць ні за што, паколькі нават тыя грошы, якія яму налічылі як незаконныя, былі выплачаны. Тады Лукашэнка даў даручэнне гэта праверыць, сказаўшы, што калі гэта так, то чалавека могуць і вызваліць.

«Хачу павіншаваць сям`ю Алеся, у першую чаргу яго жонку Наталлю, якая проста спакутавалася за гэтыя гады з-за таго, што адбываецца з яе мужам. З вызваленнем цябе, Алесь, з вызваленнем тваю жонку Наталлю, з вызваленнем слаўнага чалавека віншую ўсіх ягоных сяброў!» — зазначыў лідар кампаніі «Гавары праўду».

Алесь Бяляцкі знаходзіўся ў зняволенні больш як тысячу дзён. Ён быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года і асуджаны за ўтойванне даходаў у асабліва буйным памеры да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Падставай для крымінальнага пераследу стала наяўнасць у яго замежных банкаўскіх рахункаў, сродкі з якіх выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Адкрыць рахункі ў Беларусі было немагчыма, бо праваабарончы цэнтр «Вясна» працуе нелегальна — улады неаднаразова адмаўлялі ў афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі. Суд таксама не ўзяў пад увагу тое, што ўрон, які нібыта нанёс дзяржаве Бяляцкі, быў поўнасцю сплочаны за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.

Праваабаронца адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 2 Бабруйску, ён афіцыйна прызнаны вязнем сумлення. У 2012 годзе, а таксама 2013-м і 2014-м Бяляцкага вылучалі прэтэндэнтам на Нобелеўскую прэмію міру.У маі 2013 года Бяляцкі быў пераабраны віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH).

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары