Пры будаўніцтве станцыі абезжалезвання каля Сялюцкага псіханеўралагічнага дому-інтэрнату для састарэлых і інвалідаў быў часткова раскапаны пагорак, на якім знаходзіцца гарадзішча V стагоддзя да н.э. — V стагоддзя н.э. Гарадзішча ёсць культурна-гістарычнай каштоўнасцю Беларусі 3-й катэгорыі.
На пагорку, размешчаным на правым беразе ракі Лучоса каля вёсак Шапуры і Сялюты Віцебскага раёну, гарадзішча знайшлі ў 1956 годзе. Побач, на заходнім схіле пагорка, знаходзіцца датаванае I тысячагоддзем да н.э. селішча, якое таксама аб’яўлена культурна-гістарычнай каштоўнасцю Беларусі 3-й катэгорыі.
У выніку земляных работ значную частку пагорка раскапалі, другая яго частка засыпана адваламі вынятага грунту. Пры гэтым былі ўскрыты пахаванні, якія знаходзіліся тут, а косці ў беспарадку раскіданы па навакольнай тэрыторыі. Пры беглым аглядзе ўдалося разгледзець тры цэлыя чалавечыя чарапы, а таксама фрагменты яшчэ некалькіх, сцегнавыя і галёначныя косці, рэбры і фрагменты тазу. Таксама чалавечыя астанкі бачныя на зрэзе пагорка.
Гарадзішча і селішча каля вёскі Шапуры ўнесены ў Праграму захавання гісторыка-культурнай спадчыны Віцебскага раёна на 2012—2015 гады, прынятую Віцебскім райсаветам 7 чэрвеня 2012 года. Вясной, паводле слоў мясцовых жыхароў, тут была ўстаноўлена ахоўная дошка, што зрэшты не перашкодзіла разбурыць археалагічны помнік.
МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН