Алесь Бяляцкі вызвалены па амністыі: першае фота і відэа на волі


Алесь Бяляцкі патэлефанаваў жонцы Наталлі Пінчук і сказаў, што яго вызвалілі ды ён едзе ў Менск на электрычцы з Бабруйску. Яго вызвалілі па амністыі.

{movie}Алеся Бяляцкага вітаюць у Менску|right|17093{/movie}

Пасля прыезду ў Менск спадар Бяляцкі распавёў, што вызваленне было для яго нечаканасцю, бо сёння раніцаю ён як звычайна пайшоў на працу. А 9:00 яго выклікалі і паведамілі, што выпускаюць на волю. Сёння першы дзень амністыі. Вызвалілі даволі хутка, пасадзілі ў “хуткую дапамогу” і завезлі на вакзал“, – распавёў Алесь Бяляцкі.

Сустракаць парваабаронцу на вакзал прыйшлі дзясяткі чалавек – жонка, сябры, грамадскія актывісты, журналісты, сваякі палітвязняў. “Без вашай дапамогі нічога б не было“, – сказаў спадар Бяляцкі ў адказ на пытанне пра сапраўдную, на ягонае меркаванне, прычыну вызвалення. “Думаю, гэта – першая ластаўка. Будуць добрыя навіны”, – такое меркаванне праваабаронца выказаў наконт магчымага вызвалення іншых палітвязняў.

Планы на будучыню: “Буду жыць як жыў. Чым займацца? Бегам”, – пажартаваў Алесь Бяляцкі.

Спадарыня Наталля распавяла “Белсату”, што размова з мужам была вельмі кароткая: “Цяжка сказаць, з чыйго тэлефона ён званіў, ягоны ж забралі. Сказаў: чакай, а 15:00 прыеду на Інстытут культуры. Мне дагэтуль здаецца, што гэта падман. Пакуль сама яго не ўбачу – не паверу“.

Вызваленне Алеся Бяляцкага, які адбываў пакаранне ў калоніі №2 у Бабруйску, адбылося нечакана. Наталля Пінчук сёння якраз паехала на вёску, у дарозе яе і застала тэлефанаванне мужа. Толькі дабраўшыся да месца, яна перасела на маршрутку і паехала назад у Менск.

Паводле тэрміну, кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага мелі вызваліць у лютым 2016 года. Ён быў асуджаны на 4,5 гады турмы ў лістападзе 2011 года. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасць.

{movie}Дакументальны фільм “Вясна” пра Алеся Бяляцкага|right|17106{/movie}

Падставаю для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў