Беларускі алігарх плануе знішчыць гістарычны раён Менску


Унікальны гістарычны раён Асмолаўка ў цэнтры Менску могуць знішчыць праз планы алігарха. Аляксандра Шакуціна лічаць галоўным забудоўнікам, які мае віды на гэтую тэрыторыю. Дамы плануюць знесці цягам пяці гадоў. Прынамсі, такі тэрмін называюць жыхарам Асмолаўкі ў адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску.

{movie}Пад пагрозаю знішчэння |right|17088{/movie}

ЖЫХАР МЕНСКУ:
“Калі быў маленькі, заўсёды гуляў у гэтым раёне і заўсёды хацеў тут кватэру, менавіта ў гэтых дамках. Падрос, з’явіліся сродкі, купіў тут кватэру, вельмі рады. Наконт таго, што знясуць: яшчэ калі быў маленькі, хадзілі гэтыя чуткі, і да гэтага часу яны ёсць. Вядома, не хацелася б, каб гэта ўсё знеслі”.

Асмолаўка лічыцца адным з першых мікрараёнаў паваеннага Менску. Мясцовыя жыхары ахвотна распавядаюць гісторыю сваіх дамоў.

ТАЦЦЯНА ЛОГІНАВА, ЖЫХАРКА МЕНСКУ:
“Год пабудовы тут 49-ты, будавалі ваеннапалонныя з Нямеччыны. Будаваліся гэтыя дамы для найвышэйшага каманднага складу (тут побач Міністэрства абароны), будавалася гэта для генералітэту. У тыя часы гэта было шыкоўнае жытло”.

Некалі меліся надбудаваць трэція-чацвёртыя паверхі ў гэтых дамах, але, як кажуць мясцовыя жыхары, нехта проста захацеў сабе гэтыя два кварталы ў межах вуліцаў Багдановіча, Кісялёва, Куйбышава і Камуністычнай. Паводле неафіцыйных звестак, гэта сфера інтарэсаў аднаго з самых багатых алігархаў – Аляксандра Шакуціна. Зрэшты, ёсць і сярод мясцовых жыхароў тыя, хто не лічыць гэты раён аазісам у цэнтры сталіцы. Што праўда, такіх меркаванняў – меншасць.

УЛАДЗІМІР, ЖЫХАР МЕНСКУ:
“Дамы старыя, іх даўно трэба або капітальна рамантаваць, або зносіць, або рабіць гістарычны цэнтр. Але калі гэта задорага, то лепш знесці і пабудаваць новае”.

Адкрытых конкурсаў на забудову ў гэтым раёне не праводзілася. Нават прафесійная грамадскасць даведваецца прамінулаю датаю пра планы забудовы.

СЯРГЕЙ ХАРЭЎСКІ, КУЛЬТУРОЛАГ, МАСТАЦТВАЗНАЎЦА:
“Ёсць ініцыятывы ўключэння гэтых кварталаў у спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў, але ўлады ў гэтым не зацікаўленыя. Але калі б гэта і было гістарычна-культурнаю каштоўнасцю, гэта не было б страхоўкай ад знішчэння”.

Тут жылі знакавыя для Менску людзі, да гэтага часу шмат якія кватэры займаюць мастакі, што таксама робіць квартал вельмі своеасаблівым для Менску.

УЛАДЗІМІР ПАПРУГА, АРХІТЭКТАР-РЭСТАЎРАТАР:
“Не ідзе гаворка пра тое, што ў першую чаргу асвойваюцца тэрыторыі, якія патрабуюць нейкага хуткага рэагавання. З дакладнасцю наадварот: менавіта такія зоны патрабуюць вельмі збалансаванай дзяржаўнай палітыкі ды вельмі жорсткага горадабудаўнічага рэгулявання”.

Побач з унікальнай Асмолаўкаю – велізарныя пустыя тэрыторыі, у тым ліку заводу “Гарызонт”, дзе маглі б размясціцца неабходныя сталіцы офісныя будынкі. Але, паводле адмыслоўцаў, іх кансервуюць для буйных інвестараў. А расплачваюцца за гэтую кансервацыю жыхары Асмолаўкі.

Аркадзь Несцярэнка, “Аб’ектыў”

https://youtu.be/2uw3CQGIvbY

Глядзі таксама
Каментары