«Славянскі базар-2014»: Адзін з самых папулярных артыстаў – Барыс Маісееў


Больш за ўсё білетаў прададзена на сольныя канцэрты «Славянскага базару ў Віцебску» такіх выканаўцаў і калектываў, як «Хор Турэцкага», Стас Міхайлаў і Барыс Маісееў. У цэлым жа сярод усіх імпрэзаў фестывалю па ліку прададзеных білетаў лідзіруе канцэрт урачыстага адкрыцця (квіткі каштуюць ад 600 тыс. да 1,1 млн рублёў).

Сярод самых папулярных выступоўцаў «Славянскага базару» – расейскі спявак Барыс Маісееў, які не хавае сваёй нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі. У сваю чаргу сёлетні пераможца песеннага конкурсу «Еўрабачання» спявак-трансвестыт Канчыта Вурст выклікаў хвалю незадаволенасці ў Беларусі. За байкот «Еўрабачання» беларусы нават збіралі галасы пад петыцыяй у інтэрнэце.

«Канкурсантам на «Еўрабачанні-2014» ад Аўстрыі стаў спявак-трансвестыт Канчыта Вурст, які прапагандуе непрымальны для беларускага грамадства лад жыцця, – зазначалася ў петыцыі. – Папулярны міжнародны конкурс, які будуць глядзець нашыя дзеці, з падачы еўрапейскіх лібералаў стаў рассаднікам садаміі!»

Нягледзячы на незадаволенасць некаторых беларусаў, «Еўрабачанне-2014» паказалі ў Беларусі без цэнзуры ў наўпроставым эфіры.

У асноўным квіткі на «Славянскі базар», які пройдзе з 10 па 14 ліпеня, набываюць беларусы, расейцы, латвійцы і эстонцы, але ёсць гледачы і з Нямеччыны, Ізраілю, Новай Зеландыі. Сярод гарадоў па прададзеных квітках лідзіруе Віцебск, за ім ідуць Менск і Магілёў. Пакуль што прыбытак ад продажаў склаў больш за 17 млрд рублёў, а чакаецца выручыць 26 млрд, паведамляюць «Віцебскія весткі».

МЯ, belsat.eu, паводле telegraf.by, vitvesti.by

Глядзі таксама
Каментары