Захапленне загарам можа нагадваць наркаманію


Празмернае захапленне сонечнымі ваннымі можа насіць характар залежнасці, лічаць навукоўцы. Вынікі, атрыманыя даследчыкамі з Гарвардскага медыцынскага інстытуту, сведчаць, што ўздзеянне сонечнага выпраменьвання выклікае выпрацоўку эндарфінаў («гармонаў радасці») у арганізме.



Як распавядае часопіс «Cell», эксперыменты, якія праводзіліся на лабараторных мышах, паказалі, што паддоследныя жывёлы пачынаюць выпрацоўваць рэчывы, звязаныя з атрыманнем прыемных адчуванняў.

Раней ужо выказваліся здагадкі аб тым, што ў людзей можа ўзнікаць звычка і патрэба ўльтрафіялетавага апраменьвання. У адным з найбольш ранніх даследаванняў назіраліся студэнты, якія наведваюць салоны загару, і ў кожнага трэцяга з іх назіраліся сімптомы залежнасці.

Даследнікі з Агульнай лякарні Масачусэтсу і медыцынскага інстытуту ў Гарвардзе паставілі мэтай высветліць механізм ўзнікнення такой залежнасці. Яны выстаўлялі мышэй з выгаленымі спінамі пад прамяні моцнага сонца ў штаце Фларыда на паўгадзіны кожны дзень цягам шасці тыдняў.

Аналізы паказалі, што ўльтрафіялетавае апраменьванне прыводзіла да выпрацоўкі ў скуры адмысловыага бялку, які распадаўся на пігмент меланін, які вызначае інтэнсіўнасць загару, і на групу эндарфінаў, рэчываў, якія звычайна выпрацоўваюцца мазгамі, і кантралююць цэнтр задавальненняў.

Гэтыя рэчывы ўздзейнічаюць на тыя ж сістэмы ў арганізме, на якія ўплываюць такія наркотыкі як гераін і марфін.

Доктар Дэвід Фішэр, адзін з амерыканскіх даследчыкаў у Агульнай лякарні Масачусэтсу, кажа, што можна з дастатковай ступенню ўпэўненасці выказаць здагадку існавання нейкага ўсеагульнага механізму цягі да сонечных прамянёў, і што ён, мабыць, звязаны з узроўнем вітаміну D у арганізме.

Аднак іншыя навукоўцы не перакананыя атрыманымі вынікамі.



Доктар Дэвід Бэлін, які займаецца праблемамі лекавай залежнасці ў Кембрыджскім універсітэце, лічыць, што мышы, у якіх паўстала залежнасць ад ультрафіялетавага апраменьвання, мусяць паводзіць сябе інакш – яны павінны імкнуцца выстаўляць сябе пад прамяні ўльтрафіялетавай лямпы нават за кошт атрымання ежы, чаго на самай справе не адбываецца.

«Калі б людзі насамрэч станавіліся наркаманамі ад сонца, то мы сутыкаліся б з класічнымі сімптомамі гэтага – людзі кідалі б працу і сям’ю, каб праводзіць ўвесь час на пляжы, з’язджалі б на поўдзень Францыі беззваротна і гэтак далей», – заўважыў навуковец.

МЯ, belsat.eu, паводле Бі-Бі-Сі

Стужка навінаў