ДНР просіць прызнання ў ААН


Старшыня Вярхоўнага Савету самаабвешчанай народнай рэспублікі Уладзімір Маковіч звярнуўся ў міжнародную арганізацыю з просьбай прызнаць незалежнасць ДНР. Аналагічныя звароты накіраваныя ў парламенты Сербіі і Паўднёвай Асеціі, паведамляе ИТАР-ТАСС.

У канцы траўня ўлады ДНР звярнуліся да Уладзіміра Пуціна з просьбай прызнаць незалежнасць рэспублікі. Пакуль Крэмль маўчыць. Масква не прызнала нават вынікі рэферэндума аб аддзяленні ад Украіны.

У сваю чаргу Луганская народная рэспубліка накіравала звароты аб сваім прызнанні ў 11 краін. Сярод іх непрызнаныя міжнароднай супольнасцю Паўднёвая Асеція, Абхазія, Прыднястроўская малдаўская рэспубліка. А таксама Кітай, Расея ды іншыя. Сёння зварот аб прызнанні Луганскай народнай рэспублікі паступіў і ў Адміністрацыю прэзідэнта Беларусі, паведамляе БелаПАН.

У выніку ЛНР прызнала толькі Паўднёвая Асеція (якую прызналі толькі Расея, Венесуэла, Науру і Тувалу). Дарэчы сёлета ЛНР і ДНР падпісалі штосці накшталт дамовы аб аб’яднанні ў выніку чаго паўстала г. зв. «Новаросія», якая пакуль нават не просіць прызнаць яе суб’ектам міжнароднага права.

Прыгадаем, што ДНР і ЛНР абвесцілі сваю незалежнасць у красавіку 2014 г. 11 траўня ў сепаратысцкіх рэспубліках адбыўся рэферэндум, на якім нібыта большасць мяцовых жыхароў Данецкай і Луганскай абласцей выказаліся за выхад са складу Украіны. Ніводная краіна свету вынікі рэферэндуму не прызнала.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў