Мікалай Чаргінец: Будуць і вуліцы, і музеі Быкава, але не пад тапорным уздзеяннем нашай апазіцыі


Як ацэньвае кіраўнік афіцыйнага Саюзу пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец пакаранне вулічных мастакоў за партрэт Васіля Быкава?

Напярэдадні 90-годдзя з дня нараджэння Васіля Быкава маладыя стрыт-мастакі вырашылі намаляваць партрэт пісьменніка на сцяне трансфарматарнай будкі, што ў раёне сталічнай плошчы Перамогі. Аднак былі затрыманыя і пакараныя адміністрацыйнымі штрафамі на агульную суму 18 млн. рублёў.

{movie}Мікалай Чаргінец: Імя Быкава выкарыстоўваюць правакатары |right|17077{/movie}

«Імя Быкава выкарыстоўваюць правакатары, — лічыць Мікалай Чаргінец. — Калі б не было правакацыйных патрабаванняў апазіцыі, накшталт «давайце назавём у Менску вуліцу імем Быкава», такая вуліца даўно б ужо была. Яны ўзялі Быкава за свой палітычны лозунг. Добра ведалі, што, напрыклад, мы, Саюз пісьменнікаў, унеслі прапанову назваць імем Быкава вуліцы ў Менску, Гародні, на Віцебшчыне, зрабіць музей пісьменніка. І прэзідэнт нас падтрымаў. Паступіла каманда зрабіць аддзяленні музеяў у Менску і Гародні, і ўсё ішло да гэтага. Але, пагадзіцеся, якая ўлада будзе ісці на повадзе шалёных патрабаванняў апазіцыі? Будуць і вуліцы, і музеі Быкава, але не пад тапорным уздзеяннем нашай апазіцыі».

Што да ініцыятывы графіцістаў, тут трэба разабрацца, лічыць Чаргінец. «Можа, ізноў збіраліся зрабіць гадасць і прыкрыцца партрэтам Быкава? Гэта не падыходзіць. Але не трэба драматызаваць падзеі. На трансфарматарнай падстанцыі я б таксама не даў дазволу маляваць, гэта аб’ект павышанай небяспекі. Далі штраф — можа, гэта і правільна?! Гэта ж не арышт, а штраф. Хай зараз іншыя будкі памыюць, толькі пад наглядам, адключыўшы электраэнергію, і зняць гэта пытанне. Трэба рабіць тое, што неабходна, і тое, што дазволена», — сказаў Чаргінец.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў