Як маленькая беларусачка хацела стаць прынцэсай


Калі вы думаеце, што легенды – гэта казачкі для дарослых, то вы памыляецеся. Раскажу вам сёння гісторыю пра тое, як мы з бацькамі вырашылі трапіць у Нясвіж.

З матуляй мы разважалі, разважалі і прыйшлі да таго, што ў гэтым горадзе сапраўдная гаспадыня – не выдуманая чорная пані Барбара.

Першы раз, калі мы трапілі ў Нясвіж і спыніліся каля замка, у нас зламалася машына і, шукаючы дапамогу, мы з бацькамі з’ехалі дадому. Наступныя два разы надвор’е падавалася цудоўным, але калі мы прыязджалі ў невялікі стары горад, пачынаўся такі моцны дождж, што нават не дапамагаў парасон. І яшчэ раз нас запрасілі ў замак замежныя сябры, а потым нечакана змянілі маршрут, і мы трапілі ў іншы горад. Тады я вырашыла, што чорная пані Нясвіжу неяк даведалася пра маё жаданне быць прынцэсай і пакрыўдзілася. Бо прынцэсы – гаспадыні, якія валодаюць сапраўднымі замкамі, а ў мяне ёсць толькі лялечны.

Я паскардзілася матулі, што замка ў мяне няма. І карэты няма, і прынцэсай мне ніколі не быць.

Даражэнькая Машанька, паехалі ў Нясвіж. Калі ты ўбачыш, што замак – гэта вялікая і складаная прастора, гістарычная каштоўнасць, якой трэба сур’ёзна кіраваць, мабыць, прынцэсай табе быць і не захочацца.

І мы паехалі. Ведаеце, кожны горад мусіць мець добрую дзіцячую пляцоўку. Дык вось Нясвіж – самы добры горад, які я бачыла на радзіме! Бо пляцоўка каля замка – драўляная і рознакаляровая, арэлі, як у Літве ці Польшчы, едуць высока і амаль дакранаюцца да сонейка. «Мамуля, а чаму ў іншых маленькіх гарадах такіх пляцовак для дзетак няма?»«Падаецца, тут пляцоўка для замежных гасцей, а ў іншых гарадах – для сваіх, беларусаў. А для беларусаў і недаробка хопіць», адказала незадаволена маці. Чаму дзеці замежных гасцей лепш за мяне ці маіх сяброў, я не зразумела.

Пасля пляцоўкі мы апынуліся ў замку. Яму шмат год, навукоўцы спрачаюцца, ці яму столькі год, што ён сярэднявечны, ці ён малодшы і з эпохі Адраджэння. Вось цікава, калі ён такі стары, чаму ён выглядае як новы? Нават мэбля ў замкавай кавярні сучасная, ніякіх драпінаў і зламаных рэчаў. Мама патлумачыла ўсё вельмі складанымі словамі – «рэстаўрацыя» ды «імітацыя». І яшчэ па сакрэту дадала: «Людзі кажуць, што калі палац адрамантавалі, а рамантавалі яго ажно 12 гадоў, прыехала сюды тайна апошняя жыхарка замка Эльжбета Радзівіл. І яна вельмі засумавала, што шмат рэчаў зрабілі іншым чынам, не так, як было ў часы ейнага дзяцінства. Нават не знайшла ўласнага ложку ў сваім спальным пакоі».

Я была ўпэўнена, што сустрэну прыгожых жанчын у незвычайных сукенках, і чорную пані Нясвіжа. Мне таксама хацелася апрануцца прыгожа, як у мінулыя часы, але гэтую паслугу каля замка прапануюць за грошы. І пагуляць у сукенцы нельга, толькі сфатаграфавацца на магніцік. Затое мы сустрэлі цікавага жаўнера з мінулага. Жаўнер – з расейскай арміі часу Напалеона і прыехаў ён у Нясвіж з баёў на Барысаўшчыне. Дык вось што ён распавядаў нам: расейскі салдат заўсёды ведаў, што трэба прыгожа не перамагчы, а загінуць. Форма яго была стыльная, але вельмі нязручная, у ёй рухацца цяжка і няўтульна, біцца з ворагам амаль немагчыма. Таму салдат заўсёды добра выглядаў, шмат мыўся, каб памерці чыстым і прыгожым. А выраз пра «кулю-дуру» з’явіўся таму, што ружжо, з якога стрэлілі, паліла клубам пораху і салдат ніколі не бачыў, куды страляе, і нават адварочваўся ад мішэні. «А што, гэты салдат таксама жыў у гэтым замку?»«Не, – засмяялася маці, – ён абараняў радзіму падчас вайны 200 год таму. Але палац, якім валодалі Радзівілы, стаў ахвярай гэтай вайны: у ім спыніліся войскі Напалеона (ізноў гэты важнецкі Напалеон!), супраць гэтых войскаў змагаўся вось такі жаўнер, якога ты зараз бачыш».

На жаль, часам людзі ствараюць вайну, бо нешта не могуць падзяліць. Мне падаецца гэты самай сумнай справай на свеце.
Паркі каля палаца – зялёныя, і прастора вялікая. Мы знайшлі рыцараў, якія пераапраналіся ў сапраўдных сучасных людзей. Яны не паспелі схаваць лук з арбалетам і прапанавалі мне пастраляць. Вось дык навіна: не атрымалася ў мяне пабыць прынцэсай, затое буду змагаром!

Пасля палаца паехалі мы ў цэнтр Нясвіжу. Я ўдакладніла, ці гэта ні вёска, бо вельмі маленькі горад, утульны, і жыхароў на вуліцах амаль нябачна, і вялікай крамы няма, і сучасных шкляных будынкаў, якія нават вышэй замкаў. «Не патрэбна такім гарадам цывілізацыя, Марыйка. Бо калі з’явіцца яна ў гэтых кутках, знішчыцца твар гэтай прасторы».

Ці бываюць у гарадоў твары і як яны выглядаюць? Ці гэта калі ты адчуваеш, што табе хочацца застацца ў новым месцы і пабудаваць свой невялічкі замак? Калі вырасту і стану прынцэсай, а лепш змагаром, бо прынцэсы не працуюць, а толькі палацамі валодаюць, буду знаходзіць самыя прыгожыя «твары» на Беларусі і пісаць пра іх усім замежным гасцям. Тады, падаецца, у такіх месцах з прыгожымі тварамі таксама будуць будаваць чароўныя пляцоўкі і захоўваць гістарычныя каштоўнасці.

Гісторыю запісала Зарына Бабко для belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары