Замест лесу – кітайскі тэхнапарк


Першы камень для пабудовы кітайска-беларускага індустрыяльнага парку. У Смалявіцкім раёне, за дваццаць пяць кіламетраў ад беларускае сталіцы, прайшла ўрачыстая цырымонія пачатку будаўніцтва прамысловага аб’екту. Улады Беларусі называюць праект гістарычным і спадзяюцца, што ў будучыні яго рэалізацыя дазволіць атрымліваць да пяцідзесяці мільярдаў долараў штогод.

{movie}Замест лесу – кітайскі тэхнапарк|right|17074{/movie}

Аднак мясцовыя жыхары інаўгурацыю будоўлі індустрыяльнага парку называюць пачаткам асабістае катастрофы. Ужо сёння жыхары вёскі Быкачына не могуць уявіць сваёй будучыні на прамысловае зоне.

МЯСЦОВЫ ЖЫХАР:
“Паглядзіце, колькі ў мяне ўнукаў. А цяпер як яны набудуюць, куды ж нам падзецца? Я катэгарычна супраць усяго гэтага!”.

Першаю ахвяраю праекту стаў адзін з асабліва важных у Беларусі прыродных масіваў. Адметна, што лясы складаюць амаль палову тэрыторыі планаванага тэхнапарку. Яшчэ нядаўна яны належалі да першай ахоўнай катэгорыі, што практычна рабіла іх некранальнымі. Аляксандр Лукашэнка сваім указам перавёў масіў у статус тэхнічнага лесу.

АНДРЭЙ КІНДЗЕЛЬ, МЯСЦОВЫ ЖЫХАР:
“Лесу, прыроды шкада. У грыбы ды ягады ўжо няма куды пайсці. Там выразалі, там выразалі, і там выразалі. А што будзе далей, я не ведаю”.

Найбольш суседзі будучага індустрыяльнага парку баяцца забруджання, а нават знішчэння іхнага навакольнага асяроддзя. Паводле планаў на гэтай тэрыторыі запрацуюць прадпрыемствы, між іншым, машынабудаўнічай і хімічнай вытворчасці. Да таго ж, аб’екты пабудуюць побач з вадазборам, якім карыстаюцца менчукі.

ВАЛЯНЦІН РАДЫЁНАЎ, МЯСЦОВЫ ЖЫХАР:
“Тут выдатная артэзіянская вада. Увесь аўтазаводскі бок ужывае гэтую ваду. Калі яны пачнуць рабіць свідравіны, вада адсюль сыдзе. Што будзе Менск рабіць?”.

Зрэшты, магчымыя экалагічныя наступствы стварэння індустрыяльнай зоны шчыльна схаваныя ад людзей. Таксама пытання пабудовы тэхнапарку беларусам не ўдалося вынесці на рэферэндум. Паводле актывістаў кампаніі “Гавары праўду!”, якія дапамагалі мясцовым жыхарам, улады чарговы раз не прыслухаліся да сваіх грамадзянаў.

АНДРЭЙ ДЗМІТРЫЕЎ, КАМПАНІЯ «ГАВАРЫ ПРАЎДУ!»:
“Як і заўсёды, праз падман людзей спрабуе атрымаць дадатковыя грошы для сябе і тых, хто яе падтрымлівае”.

Аляксандр Лукашэнка некалькі месяцаў таму заяўляў, што ніводны беларус не можа быць пакрыўджаны ў выніку пабудовы індустрыяльнага парку. Відавочна, пакуль гэтыя словы застаюцца толькі добрым зычэннем.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў