«Пан Тадэвуш» сабраў у Парыжы аншлаг


У межах Дзён беларускае культуры ў Парыжы адбыўся паказ прэм’ернага спектаклю Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы «Пан Тадэвуш» у пастаноўцы Мікалая Пінігіна, паведамляе амбасада Беларусі.

Гэта першая ў гісторыі пастаноўка беларускага рэжысёра на парыжскай сцэне. Мерапрыемства было прымеркавана да 180-годдзя напісання ў Парыжы аднайменнай паэмы Адамам Міцкевічам, які нарадзіўся на навагрудскай зямлі ў Беларусі.

Спектакль прайшоў пры аншлагу, яго наведала больш за 600 гледачоў, у тым ліку пасол Павел Латушка, супрацоўнікі пасольства, прадстаўнікі МЗС і іншых дзяржаўных устаноў Францыі, дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванага ў Парыжы, прадстаўнікі грамадскасці і дзеячы культуры Францыі, беларускай дыяспары.

Спектакль прайшоў на беларускай мове з французскімі субцітрамі. Для сцэнічнага ўвасаблення спектакля выкарыстаны пераклад Язэпа Семяжона, для транслітарацыі на французскую мову — пераклад Рабэра Буржуа.

Выступленне беларускіх артыстаў было цёпла ўспрынята французскім гледачом. Публіка на працягу 10 хвілін стоячы авацыямі вітала выступленне беларускага тэатра ў Парыжы.

Арганізацыя спектакля прайшла без прыцягнення бюджэтнага фінансавання, выключна за кошт сродкаў беларускіх і французскіх мецэнатаў і спонсараў.

МЛ / Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Стужка навінаў