Беларусь засыпаюць таксічнаю касметыкай і цацкамі. «Сітуацыя крытычная» – Міністэрства здароўя


У Беларусі няма спісу забароненых хімічных рэчываў. У выніку ў краіну завозяць таксічную касметыку, цацкі ды іншыя вырабы з пластмасы.

Няма нормаў – няма абмежаванняў

Паводле беларускіх гігіеністаў, прыняць спіс забароненых рэчываў перашкаджае бізнэс-лоббі Мытнага звязу. Падчас міжнароднай канферэнцыі «Бяспека тавараў і прадуктаў для сем’яў» аб гэтым заявіла загадчыца лабараторыі прафілактычнай таксікалогіі і экатаксікалогіі РНПЦ гігіены Ірына Ільюкова.

Паводле яе, на ліпень 2017 года, было запланаванае ўступленне ў дзеянне адмысловага тэхрэгламенту, які б забараніў пастаўкі і продаж таксічнай прадукцыі. Яго праект прадугледжвае ўстанаўленне адзіных правілаў і крытэрыяў класіфікацыі хімічнай прадукцыі па небяспечных уласцівасцях, устанаўленне адзіных правілаў маркіроўкі хімічнай прадукцыі, класіфікаванай як небяспечная хімічная прадукцыя. Мяркуецца таксама ўстанавіць адзіныя правілы афармлення пашпарта бяспекі хімічнай прадукцыі. Але праект дагэтуль не падпісалі.

Гэты дакумент меўся абмежаваць выкарыстанне фталатаў, сярод якіх ёсць забароненыя для выкарыстання ў краінах ЕЗ і асабліва таксічныя для арганізма чалавека.

Ільюкова адзначыла, што прыняцце рэгламенту знаходзіцца пад пагрозай, бо гэтаму «перашкаджае бізнес-асацыяцыя Казахстана», якая ўвайшла ў парламент гэтай краіны і будзе далей выкарыстоўваць сваё права голасу, перашкаджаючы падпісанню рэгламенту. Такім чынам, адзначыла спецыяліст, сітуацыя з кантролем хімічных рэчываў у Мытным саюзе «склалася складаная».

Чым небяспечныя фталаты?

Фталатамі называюць солі ды эфіры фталіевай кіслаты, якія шырока выкарыстоўваюцца ў прамысловасці. Перадусім – дзякуючы нізкаму кошту. Фталаты дадаюць у пластмасу, каб зрабіць яе больш мяккаю і прыемнай навобмацак, у парфумы – каб зафіксаваць пах, у іншую касметыку – каб стварыць пачуццё ўвільготненай скуры. Фталаты выкарыстоўваюць у вытворчасці ліноліума ды іншых пакрыццяў, цацках і нават сосках.

Паводле медыкаў, вялікая канцэнтрацыя фталатаў можа выклікаць атлусценне, алергію, у мужчынаў – стаць адным з фактараў бясплоддзя. Не ўсе фталатавыя дадаткі нясуць небяспеку для чалавека. Да таго ж, дзеля моцнага ўздзеяння на арганізм, патрэбная высокая канцэнтрацыя гэтых таксічных рэчываў. Тым не менш, у Беларусі няма нарматыўных дакументаў, якія б спынілі продаж тавары з самымі небяспечнымі фталатавымі складнікамі.

«Сітуацыя крытычная»

Свайго, беларускага спісу забароненых фталатаў у краіне няма. Кантроль над імі планаваўся акурат у межах тэхнічнага рэгламенту, але цяпер, паводле Ірыны Ільюковай «сітуацыя крытычная».

Плануецца распрацаваць нацыянальны нарматыўны акт пра абмежаванне небяспечных пестыцыдаў у межах санітарных правілаў і нормаў. Гэта будзе першы спіс небяспечных рэчываў у Беларусі, сказала Ільюкова. Яна таксама выказала меркаванне, што Беларусі трэба прыняць закон аб далучэнні да Ратэрдамскай канвенцыі, да якой далучыліся і Расея, і Казахстан.

Ільюкова адзначыла, што Міністэрства аховы здароўя і Мінпрыроды з прыцягненнем няўрадавых асацыяцый спрабуюць весці сістэму кантролю хімічных рэчываў, якая адпавядае існай у ЕЗ. Аднак, сказала яна, «пакуль не будзе распрацавана нацыянальная праграма па хімічнай бяспецы, мы будзем мець такую ж сітуацыю з паступленнем хімічных рэчываў, як цяпер».

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў