«Хачу ў Беларусь»: 65 украінцаў папрасілі прытулку ў нашай краіне


З пачатку года міграцыйны паток з Украіны ў Беларусь вырас на траціну ў параўнанні з мінулымі гадамі.

Колькасць замежнікаў, якія шукаюць прытулку ў Беларусі, расце, паведамляюць улады Беларусі.

Сёлета з хадайніцтвам аб прадстаўленні прытулку ў кампетэнтныя органы звярнуліся 150 чалавек. У асноўным гэта ўцекачы з Афганістана, Грузіі ды Украіны. У апошняй – найбольшы паказнік сярод замежных грамадзянаў: за некалькі месяцаў канфлікту на Данбасе з падобнай просьбай у Беларусь прыехалі 65 грамадзянаў Украіны. Бягуць у асноўным з Данецкай і Луганскай вобласці, дзе працягваецца антытэрарыстычная аперацыя.

{movie}Аляксей Бягун: З пачатку года міграцыйны паток з Украіны ў Беларусь вырас на траціну. |right|17059{/movie}

Як адзначыў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун падчас прэс-канферэнцыі, усяго для атрымання сталага віду на жыхарства да 1 чэрвеня ў Беларусь прыехалі каля 400 украінцаў, якія хочуць уз’яднацца са сваякамі. Яшчэ каля 700 украінцаў атрымалі дазвол знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі ў сувязі з працай. Да дому едуць і этнічныя беларусы, якія раней пражывалі на тэрыторыі Украіны.

Без рэгістрацыі ўкраінцы могуць знаходзіцца ў Беларусі не больш за 30 дзён. Згодна з дзейным заканадаўствам хадайніцтва аб бежанстве павінна быць прынята на працягу шасці месяцаў.

Бягун не змог адказаць, колькі грамадзянаў Украіны можа прыняць Беларусь. Паводле яго, усе чатыры цэнтры часовага пражывання бежанцаў, якія могуць змясціць 76 чалавек, запоўненыя. Пры гэтым чыноўнік дадаў, што зараз прымаюцца меры для стварэння дадатковых месцаў для пражывання і працаўладкавання грамадзянаў Украіны.

Яшчэ ў красавіку Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая прыняць украінцаў, якія жадаюць пакінуць радзіму з-за палітычнай і эканамічнай сітуацыі.

«Украінцы просяцца да нас, трэба думаць. Нікуды не дзенешся, прыйдзецца кагосьці з братоў нашых і сясцёр забіраць … Але лепш, каб там было ціха і спакойна, каб гэтыя добрыя людзі жылі там спакойна. І нам было б лепш, і ім добра», – заявіў ён падчас візіту на прадпрыемства «Слуцкія паясы». Але тады статус бежанца прасілі толькі адзінкі.

Тым часам усё больш ініцыятываў салідарнасці з Украінаю паўстае ў Беларусі. У будынку былой школы ў вёсцы Касакоўка Жлобінскага раёну Гомельшчыны неабыякавыя грамадзяне ўласнымі сіламі стварылі часовую базу для ўцекачоў з усходу Украіны.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў