Снайперы з беларускага КДБ святкуюць перамогу ў Будапешце


У сталіцы Вугоршчыны стралялі самыя дасведчаныя паліцэйскія і ваенныя снайперы з усяго свету.

Беларусы ўпершыню перамаглі ў спаборах на Кубак міра сярод паліцэйскіх і ваенных снайпераў. У іх бралі ўдзел снайперы антытэрарыстычнага падраздзялення КДБ Беларусі групы А. Спаборы паліцэйскіх снайпераў неафіцыйна лічацца найбольш складанымі і выступаюць у іх самыя падрыхтаваныя стралкі.

Беларускія кадэбэшнікі бралі ўдзел у камандных і індывідуальных заліках сярод паліцэйскіх і ваенных снайпераў. Снайперская пара групы А стала лепшай, апярэдзіўшы ўдзельнікаў з 30 камандаў. У індывідуальным заліку ў гэтай жа катэгорыі супрацоўнікі КДБ Беларусі занялі другое месца, апярэдзіўшы больш за 60 супернікаў.

Таксама працаўнікі групы А выступілі ў катэгорыі ваенных снайпераў, дзе за кубак змагаліся 54 удзельнікі з 27 камандаў, і занялі другія месцы ў камандным і індывідуальным заліках, саступіўшы першынство толькі камандзе Кітаю.

Усяго ў спаборах прымалі ўдзел 58 каманд, якія прадстаўляюць спецыяльныя службы, паліцэйскія і воінскія фармаванні з 16 краін: Кітаю, Расеі, Беларусі, Ізраілю, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Вугоршчыны, Балгарыі, Швейцарыі, Славакіі, Чэхіі, Македоніі, Бельгіі, Косава, Украіны і Казахстану. Усе ўдзельнікі – дзейныя супрацоўнікі антытэрарыстычных падраздзяленняў і спецслужбаў, шмат хто з іх мае досвед удзелу ў баявых аперацыях. Спаборы, хоць і праводзяцца ўдалечыні ад шырокай публікі і тэлекамераў, лічацца вельмі прэстыжнымі.

АК, belsat.eu, паводле belta.by

Стужка навінаў