Калі разыдзецца Майдан? Версіі палітолага і жыхароў намётаў


Прэзідэнта ва Украіне выбралі, але Майдан не разыходзіцца. Якую ролю ён сёння спаўняе? Месца рэвалюцыйнай барацьбы ці музею пад адкрытым небам, дзе прадаюць сувеніры ды гуляюць турысты? На гэтыя пытанні адказваюць самі жыхары намётаў і палітолаг.

Майдан – музей пад адкрытым небам?

Майдан сёння – вельмі каларытнае і неадназначнае месца. Людзі тут ужо даўно не толькі адстойваюць свае ідэалы ці пратэстуюць, а проста жывуць. У вялікіх катлах гатуюць ежу, на прыстасаваных градках вырошчваюць зеляніну. Ёсць на Майдане і карэнныя жыхары, што тут нарадзіліся, як, напрыклад, трохмесячны шчанюк з мянушкай Майдан.

Уражвае кантраст, калі ў сонечны суботні дзень выходзіш з метро на Хрэшчатык, і бачыш у цэнтры вуліцы намёты ды барыкады, а паабапал – летнія кавярні, вясёлая музыка з якіх запаўняе ўсё наваколле.

Шмат на якіх намётах – стэнды, што выглядаюць амаль як музейныя экспазіцыі – на іх можна пабачыць каскі, гільзы, прачытаць, як зрабіць кактэйль Молатава, ці як пачынаўся Майдан.

Вакол намётаў – безліч сувенірных лавак, дзе можна набыць магніт у выглядзе залатога батона, з фотаздымкамі падзеяў Майдану, кубкі з выявамі Пятра Парашэнкі ды Юліі Цімашэнкі. Хіт – туалетная папера з партрэтам Віктара Януковіча. Сярод намётаў і сувеніраў ходзяць турысты з фотаапаратамі. Некаторыя майданаўцы ўжо нават крыўдзяцца, калі бачаць, што іх здымаюць: «Навошта вы здымаеце? Мы што – падобныя да музейных экспанатаў?»

Як з дапамогаю Майдану ўтрымаць сям’ю

Прадавец сувеніраў Пётр лічыць, што продаж сувеніраў на Майдане – з’ява цалкам натуральная: «Гэта нармальна, так жа ва ўсім свеце, дзе якая рэвалюцыя – на гэтым адразу спрабуюць зарабіць рознымі спосабамі грошы».

Для маладой дзяўчыны Валянціны продаж майданаўскіх магнітаў стаў выратаваннем – цяпер яна можа ўтрымаць сваю сям’ю: «Другі месяц тут гандлюю. Вельмі папулярныя цяпер сувеніры пра тое, што тут адбывалася. Так, людзі выкарыстоўваюць магчымасць зарабіць на Майдане, прадаючы сувеніры, бо ўвогуле чапляюцца за любую магчымасць зарабіць. У мяне дзіцё пойдзе ў 4-ы клас, і яго трэба апрануць-абуць, заплаціць за падручнікі. Я бухгалтар паводле адукацыі, але цяжка знайсці нармальную працу, вельмі малыя заробкі. А таго, што я тут зарабляю, мне хапае».

«Быў мільянерам, стане мільярдэрам»

Яшчэ адзін прадавец сувеніраў, што не назваў сваё імя, кажа, што вынікі Майдану яго расчароўваюць. Не дадае аптымізму і абранне Пятра Парашэнкі прэзідэнтам.

«Я сам удзельнічаў ва ўсім, што тут было, быў паранены, і таму крыўдна, што мы не змаглі дамагчыся таго, чаго хацелі. Я чакаў, што ў нас будзе як некалі ў Грузіі, што ўся злачынная ўлада будзе люстраваная. Але гэтага не адбываецца. А Парашэнка? Ну, быў мільянерам, стане мільярдэрам».

«Мы не сыдзем, пакуль нашыя патрабаванні не будуць выкананыя»

«Звычайныя кіеўцы прыходзяць да нас і кажуць: хлопцы, стойце і не сыходзьце, пакуль у нас не будзе нармальнай сумленнай улады. З чатырох прэзідэнтаў, што ў нас былі, усіх трэба судзіць. Таму патрэбная абавязковая люстрацыя. Вось пакуль не ўсталюецца справядлівая ўлада, Майдан і будзе стаяць», – кажа пра будучыню Майдану казак з Нікапаля, настаўнік на пенсіі, старшыня тамтэйшага асветніцкага руху Барыс Бабенка.

Старшыня аховы Штабу, дзясятнік Валер лічыць, што калі новы прэзідэнт не пойдзе насустрач патрабаванням Майдану, гэта можа пацягнуць новую хвалю пратэстаў: «Майдан будзе стаяць, пакуль не абяруць парламент, і пакуль не сыдуць з улады тыя, хто сябе дыскрэдытаваў. Калі нічога не зменіцца, я вам скажу, што можа быць і трэці Майдан».

А вось сувеніры і турыстаў на Майдане дзясятнік Валер толькі вітае: «Шмат прыязджаюць з Японіі, ЗША, Польшчы. Яны нас падтрымліваюць. Так, людзі зарабляюць на сувенірах. Апошнім часам, праўда, Штаб узяў гэта на кантроль, і тых прадаўцоў, у каго няма папераў са Штабу, просяць адсюль».

«Майдан нагадвае бутафорыю»

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі лічыць, што Майдан сваю ролю ўжо выканаў, і яго далейшае «стаянне» можа толькі нашкодзіць Украіне, якая сёння «мае патрэбу ў стабілізацыі, а не мітынгоўшчыне».

«Паказальна, што новы прэзідэнт Парашэнка праігнараваў патрабаванне прыйсці на Майдан, – зазначае эксперт. – І яго можна зразумець: сёння Майдан у значнай ступені страціў прадстаўнічасць, ды ўвогуле, такая форма народаўладдзя можа дзейнічаць толькі кароткі час у надзвычайных, рэвалюцыйных абставінах. Сучасная дэмакратыя – прадстаўнічая. Выбралі – дайце кіраваць. А тыя, хто спрабуе зноў праз вуліцу прыпіраць уладу да сценкі максімалісцкімі патрабаваннямі, могуць хоцькі-няхоцькі граць на руку ворагам Украіны».

Спадар Аляксандр зазначае, што яшчэ ў траўні падчас візіту ў Кіеў чуў ад грамадскіх актывістаў, што сурёзныя людзі даўно сышлі з Майдану, і той Майдан, што застаўся, больш нагадвае бутафорыю.

Патрабаванне правесці поўную люстрацыю, на думку палітолага, наўрад ці будзе выканана: «Парашэнка, канешне, пачысціць кадры, але наўрад ці стане весці шырокую, радыкальную кампанію менавіта пад лозунгам люстрацыі, бо гэта пагражае толькі паглыбіць раскол і варожасць у грамадстве».

«Усяму свой час, нельга штучна падтрымліваць тое, што можа працаваць толькі ў форс-мажорнай сітуацыі», – рэзюмаваў эксперт.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў