Бразілія і Мундыяль беларускім вокам


Увага ўсяго свету – на Бразілію. У гэтыя дні самая вялікая краіна Паўднёвай Амерыкі прымае чэмпіянат свету па футболе. На вуліцах – натоўпы турыстаў… і не заўжды мірных пратэстоўцаў. Чаму так? У надзеі лепш зразумець Бразілію “Аб’ектыў” адшукаў незвычайную сям’ю.

{movie}Бразілія беларускім вокам|right|17052{/movie}

Вольга ўжо 2 гады жыве ў горадзе Саўвадор, сталіцы штата Баія, з мужам Патэрсанам, сапраўдным бразільцам па крыві ды сапраўдным беларусам – душою. Вользе і Патэрсану не трэба ехаць на футбол – футбол прыехаў да іх, ён паўсюль. У Саўвадоры матчы праходзяць на арэне “Новая крыніца”. Гэты стадыён – сапраўдны сімвал зменаў, што прынёс чэмпіянат. 4 гады таму пляцоўку хацелі адрэстаўраваць, але грошай не хапала, таму проста знеслі ды пабудавалі новую. Толькі для прагляду футболу. Раней жа тут быў спартовы цэнтр для моладзі.

ВОЛЬГА І ПАТЭРСАН, БЕЛАРУСКА-БРАЗІЛЬСКАЯ СЯМ’Я:
“І басейн, і тэнісныя корты, і валейбольнае поле, і шмат чаго іншага, была школа спартыўная. Цяпер там нічога няма. Ёсць толькі стадыён”.
“Я там, напрыклад, навучыўся плаваць. Задарма”.

Мясцовыя жыхары кажуць, што тут не абышлося без карупцыі, якая ў Бразіліі паўсюль. Эканоміка – сёмая ў свеце. А жыццё – цяжкае.

ВОЛЬГА ЕРМАЛАЕВА-ФРАНКО, БЕЛАРУСКА Ў БРАЗІЛІІ:
“Ёсць вельмі сур’ёзныя праблемы, якія насамрэч Беларусі і не сніліся. Ёсць вельмі сур’ёзныя сацыяльныя праблемы. Шмат каму няма банальна чаго есці, дзе жыць”.

Мільёны бразільцаў жывуць у самабудаваных кварталах – фавэлах. Там не заўжды ёсць чысціня, затое часта квітнее злачыннасць і наркабізнес. Перад чэмпіянатам улады з дапамогаю войска крыху навялі парадак. Але агулам сацыяльныя праблемы засталіся нявырашаныя.

БРУНУ КУРОЙС, УДЗЕЛЬНІК АКЦЫІ ПРАТЭСТУ:
“Бразіліі трэба базавая інфраструктура, адукацыя, больш шпіталяў і больш школаў. Улады кажуць, што не маюць на гэта грошай, але яны маюць іх на Кубак свету”.

Футбол у Бразіліі – не проста свята, а сапраўдная рэлігія. На час матчаў зачыняюцца афіцыйныя ўстановы, людзі не ходзяць на працу і вучобу, а глядзяць і заўзеюць. Але сёлета бразільцы моцна злуюцца і на ўлады, і на Міжнародную футбольную федэрацыю, якая таксама трапляла ў карупцыйныя скандалы.

НЭСТОР БІСЭ, УДЗЕЛЬНІК АКЦЫІ ПРАТЭСТУ:
“Мы ўсе жывем у жабрацтве, а ФІФА арганізоўвае такія рэчы. ФІФА не заплаціла ні цэнта!”

Падчас такіх “футбольных” пратэстаў здараецца, што незадаволеныя бразільцы атакуюць банкі ды крамы. Гэта не падвышае дабрабыту, затое дэманструе ступень гневу. Тады ў справу ўключаецца паліцыя. Даходзіць да гумавых куляў і слезацечнага газу. Але хапае і мірных пратэстаў.

ПАТЭРСАН ФРАНКО, МУЖ ВОЛЬГІ:
“Народ цяпер бачыць не толькі футбол, але і палітыку, і іншыя справы”.

Аднак, як скончыцца футбол, жыццё можа вярнуцца на старыя рэйкі.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў