Мастакі хочуць атрымаць дазвол на графіці з партрэтам Быкава


Група вулічных мастакоў стрыт-арт-праекта «Signal» і віцебскай каманды «HoodGraff» спрабуе атрымаць дазвол, каб стварыць партрэт Васіля Быкава на сцяне аднаго з будынкаў Менску.

Творчая акцыя прымеркавана да 90-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі (19 чэрвеня).

Чатыры віцебскія мастакі па запрашэнні праекта «Signal» ужо спрабавалі намаляваць партрэт Быкава, але ім перашкодзіла міліцыя.

Як сказаў Ларычаў, маладыя людзі планавалі намаляваць партрэт на сцяне трансфарматарнай будкі, што ў раёне сталічнай плошчы Перамогі. Увечары 16 чэрвеня яны зрабілі контур, а на наступную раніцу прыйшлі працаваць непасрэдна над малюнкам. Аднак хтосьці з грамадзянаў паведаміў пра намеры мастакоў у мясцовы ЖЭС, работнікі якога выклікалі міліцыю. Міліцыянты затрымалі мастакоў і адвезлі іх у РУУС, склалі пратаколы аб адміністрацыйным парушэнні. У той жа дзень суд Партызанскага раёна прызнаў усіх чатырох вінаватымі на падставе арт. 10.9 КоАП (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці) і пакараў іх штрафамі ў памеры 30 базавых велічынь (4,5 млн рублёў).

Як растлумачыў Ларычаў, мастакі першапачаткова не ўзгаднілі свае планы з уладамі, паколькі баяліся не паспець атрымаць дазвол да 19 чэрвеня.

Пасля суда, спрабуючы атрымаць дазвол на нанясенне партрэта Быкава на згаданую трансфарматарную будку, мастакі звязваліся з інжынерам РЭС-4 (раён электрасетак № 4 філіяла «Менскія кабельныя сеткі» РУП «Менскэнерга»). «Ён сказаў, што ў дачыненні канкрэтна да гэтай трансфарматарнай будкі ён на сябе адказнасць браць не хоча, таму што яна знаходзіцца на плошчы Перамогі, а там часта праходзяць мерапрыемствы з удзелам прэзідэнта», — сказаў Ларычаў.

Цяпер мастакі разглядаюць іншыя сталічныя аб’екты, на якіх можна было б зрабіць партрэт пісьменніка пасля ўзгаднення з адказнымі органамі.

Пытанне аб магчымым абскарджанні пастановы суда будзе вырашана пасля кансультацыі з юрыстам, дадаў Алег Ларычаў.

МЛ / Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Стужка навінаў