Алег Гулак: Наш абавязак – дамагацца таго, каб целы расстраляных выдавалі родным\r\n


“Гэтага вымагае проста звычайная чалавечнасць”, – упэўнены старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэту Алег Гулак.

“Мала таго, што расстралялі людзей, дык працягваецца здзек з іхных родных – яны не могуць пахаваць сваіх дзяцей у адпаведнасці з існымі традыцыямі, – адзначыў праваабаронца. – Няхай гэтае дзіця і было злачынцам, але ж мы застаемся людзьмі”.

На думку Алега Гулака, праваабаронцы маюць і юрыдычныя падставы, каб дамагацца адпаведных зменаў у беларускім заканадаўстве. “Яшчэ ў 1999 г. Камітэт правоў чалавека прызнаў, што некаторыя працэдуры выканання смяротнага пакарання – невыдача цела, непаведамленне даты смерці – парушаюць Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і кваліфікуюцца як негуманная форма адносінаў да саміх расстраляных і да іхных родных”, – зазначыў Алег Гулак.

Беларускія праваабаронцы таксама спадзяюцца на скасаванне смяротнай кары ці прынамсі на мараторый на яе выкананне. Да гэтага заклікаюць кіраўніцтва Беларусі і міжнародныя арганізацыі. Беларусь застаецца адзінаю краінаю ў Еўропе, дзе выконваюць смяротныя выракі.

belsat.eu

Стужка навінаў