Спецімпарцёры наступаюць!


«Гомсельмаш», «Белшына», «Магілёўліфтмаш», «Атлант», «Гарызонт» і шэраг іншых беларускіх прадпрыемстваў атрымаюць эксклюзіўнае права на імпарт тавараў, аналагі якіх вырабляюць у Беларусі.

Новаўвядзенне прадугледжана праектам указа прэзідэнта. Ва ўрадзе такую меру тлумачаць неабходнасцю абароны інтарэсаў дзяржавы.

Паводле праекта ўказа, з 1 ліпеня 2014 года да 1 студзеня 2015 года дзяржаве перадаецца выключнае права на ажыццяўленне імпарту шэрагу тавараў: радыё-, тэле-, відэа- і бытавой тэхнікі, падшыпнікаў, рухавікоў, сельгастэхнікі, грузавых аўтамабіляў, станкоў, уборачнай тэхнікі, ліфтаў, шын і іншых.

Мяркуецца, што ва ўказаны перыяд выключнае права на імпарт такіх тавараў будуць мець 12 дзяржпрадпрыемстваў, а менавіта: Менскі падшыпнікавы завод, «Гомсельмаш», МЗАР, «Белшына», Менскі маторны завод, «Магілёўліфтмаш», «Інтэграл», «Атлант», «Гарызонт», МТЗ, МАЗ і Менскі электратэхнічны завод імя Казлова.

У абгрунтаванні да праекта ўказа адзначаецца: «Маніторынг практыкі прымянення мер для абароны ўнутранага рынку краіны і айчынных вытворцаў аўтамабільнай, аўтатрактарнай, сельскагаспадарчай і іншай тэхнікі паказаў, што дзейным заканадаўствам у недастатковай меры ўрэгуляваны пытанні выканання асноўных прынцыпаў стварэння канкурэнтаздольнай тэхнікі».

Такія захады маюць змусіць беларусаў набываць айчынныя тавары.

Распрацоўшчыкі ўказа звяртаюць увагу на тое, што «пры вытворчасці айчыннай аўтамабільнай, аўтатрактарнай, сельскагаспадарчай і іншай тэхнікі выкарыстоўваецца шмат імпартных тавараў (камплектуючыя і матэрыялы), якія часта прапаноўваюцца нядобрасумленнымі пастаўшчыкамі (падрадчыкамі, выканаўцамі), а купля праз пасярэднікаў уплывае на канчатковую цану тавару».

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў