Літва пад крылом NATO


У цэнтры Літвы, на палігоне “Гайжунай”, сёння грымелі выбухі і стрэлы. У перадапошні дзень міжнародных вайсковых вучэнняў пад яскраваю назвай “Удар шаблі” вайскоўцы з розных краінаў-чальцоў NATO адпрацоўвалі супольную атаку. За вучэбнымі баявымі дзеяннямі назірала кіраўніцтва краіны. Пазней Даля Грыбаўскайце нават папрасілася пакатацца на дацкім танку “Леапард” – адным з найлепшых у свеце.

Даля Грыбаўскайце, прэзідэнт Літвы:
“У мяне поўныя вочы і рот пяску, але гэта таму, што тут палігон. Насамрэч хуткасць вялізная, вельмі рухавы, вельмі жвавы танк. Вядома, мы можам толькі марыць аб такой тэхніцы. Але мы ведаем, што Данія нам заўжды дапаможа, калі будзе патрэбна”.

{movie}Вучэнні NATO ля Беларусі (17.06.14) |right|17036{/movie}

Дацкія вайскоўцы прывезлі з сабою не толькі “Леапардаў”, але шмат іншай бронетэхнікі. Прыём і вынікі вучэнняў ацанілі высока.

Нікалай Вамэн, міністр абароны Даніі:
“Гэта сапраўдны паказчык таварыства Даніі не толькі з Літвой, але з усімі краінамі Балтыі. І гэта міжнароднае дасягненне”.

“Удар шаблі–2014” праходзіць ува ўсіх трох краінах Балтыі. Вайскоўцы – ад простых жаўнераў да кіраўнікоў штабоў – адпрацоўваюць найперш узаемадзеянне. Што няпроста для зборнага войска ў 4,5 тысячы адзінак з 10 розных краёў.

Марк Кнудсэн, Дацкае каралеўскае войска:
“Мы выдатна спрацаваліся з літоўскімі, польскімі і амерыканскімі жаўнерамі”.

Хоць сёння міжнародныя сілы адпрацоўвалі атаку, агулам вучэнні прысвечаныя абароне. І паездка прэзідэнта Літвы на танку – проста адлюстраванне настрояў выбарнікаў. Пасля анексіі Крыму і баявых дзеянняў на Данбасе грамадзяне краінаў Балтыі адчуваюць пагрозу з боку Расеі… ды нават Беларусі.

Юозас Олякас, міністр абароны Літвы:
“Нас непакоіць інтэграцыя беларускага войска ў расейскае, а таксама дыслакацыя расейскіх вайскоўцаў на вашай тэрыторыі. Аднак Беларусь мусіць вызначыцца. Мы суседзі, мы хочам добрых сацыяльных, культурных, эканамічных стасункаў з Беларуссю”.

У Літвы з Беларуссю агульнае таксама і нежаданне ваяваць з кім-кольвек. Аднак пад крылом НАТО літоўцы пачуваюцца больш мірна і бяспечна, чым сам-насам з расейскім суседам.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў