Нацбанк: памер вонкавага доўгу беларускіх банкаў дасягнуў небяспечнага ўзроўню


У Нацбанку заяўляюць, што да цяжкой сітуацыі спрычыніўся крызіс у Расеі, ды рост запасаў прадукцыі на складах.

«Памер валавога вонкавага доўгу банкаўскага сектара Беларусі адносна сукупных пасіваў банкаў і золатавалютных рэзерваў Нацыянальнага банку дасягнуў патэнцыяльна небяспечнага ўзроўню», — заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення банкаўскага нагляду Нацбанку, чалец праўлення Дзмітрый Лапко на пашыраным пасяджэнні праўлення Нацыянальнага банку ў канцы красавіка. Тэкст яго выступлення публікуе «Банковскийвестник», які выдаеццаНацбанкам.

Паводле звестак Нацбанку, валютны крэдытны партфель банкаў, велічыня якога складае $ 15,5 млрд, характарызуецца высокай ступенню канцэнтрацыі — трэцяя частка валютных крэдытаў усяго банкаўскага сектара прыпадае на 20 найбуйнейшых пазычальнікаў. Пры гэтым у Нацбанку канстатуюць, што апошнім часам адбываецца значнае пагаршэнне ключавых фінансавых паказчыкаўкрэдытаатрымальнікаў, у тым ліку найбуйнейшых. Гэта азначае, што крызіс нават у асобных галінах эканомікі, можа адбіцца на ўсёй банкаўскай сістэме.

«З улікам росту складскіх запасаў даўжнікоў з вялікай доляй верагоднасці можна меркаваць, што прадпрыемствам рэальнага сектара эканомікі спатрэбіцца дадатковае фінансаванне для папаўнення абаротных сродкаў, а значыць, у кароткатэрміновай перспектыве попыт на крэдыты перавысіць аб’ём пагашэння раней прынятых забавязацельстваў з боку пазычальнікаў», — зазначыў Лапко.

Паводле звестак Нацбанка, на 1 студзеня 2014 года вонкавы доўг беларускіх банкаў склаў $ 8,2 млрд, павялічыўшыся за 2013 год на $ 2 млрд, або на 32,3 %.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў