Бяспечны Чарнігаў


Ці бяспечна ехаць у Чарнігаў? Некалі гэты ўкраінскі горад прывабліваў тысячы пакупнікоў з суседняга паўмільённага Гомля. Цяпер беларусаў у памежным украінскім паселішчы амаль не сустрэнеш. У сітуацыі паспрабавалі разабрацца журналісты “Аб’ектыву”. Найперш мы накіраваліся на мясцовы рынак.

Алена, Прадавачка:
“Усе думаюць, што ў нас тут страшна, б’юць, рабуюць і ўсё астатняе”.

Інфармацыя пра тое, што ў Чарнігаве бандыты могуць забраць аўтамабіль, вырваць з вушэй завушніцы ці нават згвалтаваць, не першы месяц распаўсюджваецца як праз прыватныя размовы людзей, гэтак і праз інтэрнэт. А вось беларускія памежнікі гэтыя чуткі зняпраўджваюць.

{movie}Бяспечны Чарнігаў (16.06.2014) |right|17013{/movie}

Гомельская памежная група:
“Мы такой інфармацыі не маем. Калі б была афіцыйна такая інфармацыя, мы б пра гэта ведалі. А высвятляць нешта з размоваў – гэта ізноў жа чуткі”.

Таксама знайсці аўтараў жахлівых гісторыяў пакуль немагчыма. Звычайныя плёткі ці нешта большае?

Дзяніс Аскераў, прадстаўнік самаабароны:
“Гэта прапаганда Расеі. Яна баіцца моцнага суседа. Бо там людзі могуць паверыць, што можна быць самастойнымі ды падняць галаву. Расея гэтага вельмі баіцца”.

Жыхары ж Чарнігава запэўніваць, што ў іхным горадзе – усё спакойна, баяцца нападаў гэтак званых бандэраўцаў няма падставаў.

Алена, прадавачка:
“У нас да ўсіх нацыянальнасцяў ставяцца нармальна. Ці ты беларус, расеец, ці яшчэ нехта. Мы нармальныя культурныя людзі”.

Пацвярджаюць гэта і нешматлікія беларусы, якія не паверылі чуткам.

Аліна, пакупніца з Беларусі:
“Я прыехала ў Чарнігаў без ніякіх праблемаў. Цэны тут прымальныя. Можна сказаць, што нават удвая ніжэйшыя, чым у Беларусі. Прыязджайце ў Чарнігаў”.

Тым жа, хто з недаверам ставіцца да гэткіх словаў, чарнігаўцы, запрашаючы ў госці, гатовыя гарантаваць бяспеку.

Аляксандр Ясэнчук , каардынатар Чарнігаўскай самаабароны:
“Мы гатовыя забяспечыць беларусам ахову. Калі нехта захоча прыехаць у Чарнігаў ці ў нейкі іншы горад, няхай патэлефануе ў Чарнігаўскую самаабарону. Тады мы сустрэнем на мяжы, а пасля на сваім аўтамабілі будзем суправаджаць ад мяжы да Чарнігава ці нейкага іншага пункту”.

Пакуль жа адсутнасць беларусаў у Чарнігаве прыносіць адно страты. Як прызнаюцца гандляры, нават да паловы таваразвароту дагэтуль прыпадала на суседзяў.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў