У «Дудутках» зладзяць рэканструкцыю Грунвальдскай бітвы


Рэканструкцыя Грунвальдскай бітвы станецца галоўнаю падзеяй фестывалю сярэднявечнай культуры і музыкі «Наш Грунвальд 2014».

«Гісторыя Беларусі пачынаецца не з Другой сусветнай вайны і не з БССР, а мае значна глыбейшыя карані, — падкрэсліў адзін з арганізатараў фестывалю, кіраўнік экстрым-тэатра “Berserk” Аляксандр Рак. — Славутая старонка нашай гісторыі — Грунвальдская бітва, самая маштабная бітва перыяду сярэдніх вякоў у гісторыі чалавецтва. Як па колькасці воінаў, што ўдзельнічалі адначасова ў бітве, так і па наступствах, якія гэта падзея мела для гісторыі».

Фестываль будзе праходзіць на тэрыторыі музейнага комплексу «Дудуткі» 19—20 ліпеня. Паводле слоў Рака, у рэканструкцыі бітвы возьмуць удзел прадстаўнікі ваенна-гістарычных клубаў Беларусі, Украіны, Расеі, Францыі. Таксама ў праграме фестывалю — пешы і конны рыцарскія турніры, бугурты (масавыя бітвы па правілах сярэднявечнага бою), іншыя спаборніцтвы.

Музычны open-air «Баль пасля бітвы» — па сутнасці, яшчэ адзін асобны фестываль — пройдзе на дзвюх сцэнічных пляцоўках, дзе выступяць больш за 25 музычных калектываў. Сярод іх, у прыватнасці, «Тролль гнёт ель» (Санкт-Пецярбург), беларускія «Стары Ольса», «Irdorath», «Нейра Дзюбель», «Ceilidh Сeol» і іншыя.

Будзе разбіты вялікі лагер па сярэднявечных рамёствах — кавальскай, ганчарнай, зброевай, ювелірнай справе, ткацтве.

Для гледачоў і гасцей будзе прапанаваны бясплатны лагер з месцамі для палатак, з забеспячэннем тэхнічнай вадой.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў