Беларусь застанецца без украінскіх цукерак


Украінскія кандытары больш не будуць пастаўляць свае слодычы ў Беларусь. Да поўнага перапынення продажаў ласункаў прывяло рашэнне ўраду Беларусі аб увядзенні ліцэнзавання імпартных прысмакаў.

У якасці ўмовы атрымання імпартных ліцэнзій беларускія чыноўнікі патрабуюць ад украінскіх вытворцаў значнага завышэння цэн на ўкраінскія прысмакі – у дыяпазоне ад 30% да 500% ад коштаў вытворцы. Гэта практычна цалкам выключае іх рэалізацыю беларускім спажыўцам, – лічыць кіраўнік «Укркандпрома». Паводле яго, дзеянні Беларусі незаконныя, дыскрымінацыйныя і нанясуць значны урон Украіне: з-за перапынення экспарту, Украіна да канца года страціць 130 мільёнаў грыўняў, што прывядзе да скарачэння валютнай выручкі ды скарачэння працоўных месцаў.

Пастанова «Аб ліцэнзаванні імпарту асобных відаў макаронных вырабаў, а таксама кандытарскіх вырабаў і сыравіны для іх вытворчасці з-за межаў адзінай мытнай тэрыторыі Мытнага саюза» была прынята 16 мая сёлета. Згодна з ёй імпарт у Беларусь кандытарскіх вырабаў ажыццяўляецца па разавых ліцэнзіях. Заява аб выдачы ліцэнзіі павінна ўзгадняцца з «Белдзяржхарчпрамам» пры наяўнасці заключаных паміж канцэрнам і вытворцам кандытарскай прадукцыі пагадненняў аб умовах паставак у Беларусь, дзе павінны быць устаноўлены мінімальныя цэны на прадукцыю.

Паводле «Белапан», як заявілі ў «Белдзяржхарчпраме», пакуль ні воднай ліцэнзіі на імпарт кандытарскіх вырабаў не выдадзена, але падобныя перамовы вядуцца».

Беларусь з’яўляецца чацвёртым найбуйнейшым замежным рынкам збыту ўкраінскіх кандытарскіх вырабаў. Паводле Міністэрства даходаў і збораў Украіны, у 2013 годзе экспарт слодычаў з Украіны ў Беларусь склаў 24,4 тысяч тон на суму 70 мільёнаў долараў.

ДР, belsat.eu паводле БелаПан

Стужка навінаў