У Іраку расстралялі 1700 жаўнераў урадавых войскаў


Баевікі з арганізацыі «Ісламская дзяржава Іраку і Леванту» забілі 1700 жаўнераў урадавых войскаў, якія трапілі да іх у палон. Пра гэта паведамляе Associated Press. Ісламісты выклалі на адным з сваіх сайтаў здымкі, на якіх відаць, як групу мужчынаў у грамадзянскай вопратцы спачатку кудысьці гоняць пад рулямі аўтаматаў, затым вязуць у цяжкавіку. На апошнім здымку гэтыя людзі ляжаць у яміне з прастрэленымі галовамі.

«Гэта жаўнеры-шыіты, якія трапілі ў палон падчас баёў на поўначы Іраку», – паведамляецца на інфармацыйным рэсурсе баевікоў сунітаў. Афіцыйны Багдад пакуль не пацвердзіў гэтую інфармацыю. Але паводле звестак «The Wall Street Journal» губернатар правінцыі Салях-эд-Дын, у якой дыслакуюцца баевікі-ісламісты, Ахмэд Абдула аль-Джыбуры паведаміў, што баевікі захапілі сотні жаўнераў і курсантаў акадэміі ВПС і, хутчэй за ўсё, расправіліся з імі.

На дадзены момант іракскі ўрад цалкам страціў кантроль над сітуацыяй на паўночным захадзе краіны. У ходзе поўнамаштабных наступаў экстрэмістам удалося захапіць Масул, Тыкрыт, а таксама некаторыя населеныя пункты ў правінцыях Салях-эд-Дын і Кіркук. Цяпер яны рухаюцца наперад у кіранку Багдаду, баі ідуць каля гораду Самара. Па інфармацыі шэрагу СМІ, для абароны іракскай сталіцы перакінутыя дзве тысячы байцоў з Ірану.

ЮВ паводле Associated Press

Фота AFP

Стужка навінаў