Пуцін «параіў» працаўнікам дзяржаўных установаў адпачываць гэтым летам у Крыме


Занятыя ў дзяржаўным сектары Расеі мусяць сёлета правесці свой летні адпачынак у Крыме. Тэлеграму з адпаведным распараджэннем расейскага прэзідэнта разаслаў па дзяржаўных прадпрыемствах выканальнік абавязкаў кіраўніка Федэральнага агенцтва турызму Алег Сафонаў.

Каб не дапусціць калапсу турыстычнай галіны Крыму, прэзідэнт Расеі, паводле нямецкага часопісу «Focus», «раіць» працаўнікам замаўляць месцы ў гатэлях ці дамах адпачынку паўвострава. Пры гэтым аплочваць іхную спаволю на курортах абавязаныя будуць прадпрыемствы або прафзвязы.

Як піша «Focus», на гэтыя мэты маскоўскі рэгіён ужо вылучыў € 4 млн, Чачэнія – больш за € 3 млн. Па € 0,5 млн на адпачынак сваіх працаўнікоў выдаюць «Газпром» і «Роснефть».

Раней каля 3/4 з прыкладна 8 млн турыстаў, якія праводзяць адпачынак на чарнаморскім узбярэжжы Крыму, складалі ўкраінцы. Аднак, пасля анексіі паўвыспы Расеяй сёлета ў сакавіку, большасць украінскіх турыстаў байкатуе крымскія пляжы.

МЯ, belsat.eu, паводле dw.de

Стужка навінаў