Беларусы актыўна здаюць зброю


Каля 300 адзінак няўлічанай зброі добраахвотна здалі ў міліцыю жыхары Беларусі пасля ўказу кіраўніка краіны аб рэгістрацыі нелегальнай зброі.

«У межах выканання ўказу па стане на 12 чэрвеня ў органы ўнутраных справаў для рэгістрацыі добраахвотна здадзена 298 адзінак няўлічанай зброі. Часцей за ўсё грамадзяне прыносяць для рэгістрацыі гладкарулевыя паляўнічыя стрэльбы (262 адзінкі), а таксама газавыя рэвальверы і пісталеты (26)», – паіфармавалі ў Міністэрстве ўнутраных справаў.

Найбольш актыўна адгукнуліся на прапанову легалізаваць няўлічаную зброю жыхары Віцебшчыны (56), Менску (55) і Менскай вобласці (48), адзначылі ў МУС.

Указ № 185 ад 24 красавіка 2014 года прадугледжвае вызваленне ад крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці за незаконныя дзеянні ў дачыненні грамадзянскай зброі. Дзеля гэтага грамадзяне Беларусі, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія стала жывуць у Беларусі, мусяць добраахвотна падаць зброю ў органы ўнутраных справаў для рэгістрацыі або здаць, адмовіўшыся ад наступнай рэгістрацыі. Часу да заканчэння дзеяння ўказу засталося няшмат – да 1 ліпеня.

Здадзеную зброю накіроўваюць на абавязковую сертыфікацыю ў Дзяржаўны камітэт судовых экспертызаў Рэспублікі Беларусь. Калі зброя атрымае сертыфікат адпаведнасці, яе рэгіструюць.

МЯ, belsat.eu, паводле interfax.by

Глядзі таксама
Каментары