Торт у выглядзе... турмы на Акрэсціна. Як гумар дапамагае ў сумных рэаліях


Хакейная каманда з цэнтру ізаляцыі парушальнікаў Акрэсціна перамагла! Ганаровыя дыпломы ды падарункі атрымалі тыя, хто час чэмпіянату свету па хакеі правёў за кратамі. Гэтак абярнуць у гумар сумныя беларускія рэаліі пастанавілі актывісты грамадзянскае кампаніі “Еўрапейская Беларусь”. Адмысловая вечарына прайшла ў Менску ў офісе “Гавары праўду!”.

{movie}Хакейная каманда з Акрэсціна|right|16993{/movie}

ЮЛІЯ СЦЯПАНАВА, КАМПАНІЯ «ЕЎРАПЕЙСКАЯ БЕЛАРУСЬ»:

“Ідэя правядзення па частцы гумарыстычнай цырымоніі ўзнагароды ўдзельнікаў гэтак званай хакейнай каманды з Акрэсціна прыйшла падчас чэмпіянату свету па хакеі. Падчас яго шмат хто атрымаў узнагароды, а нашыя хлопцы не атрымалі. Так быць не павінна. Насамрэч, гумар дапамагае нам трымацца!”.

А вось і галоўная неспадзяванка. Торт у выглядзе… турмы на Акрэсціна. Даць рады з сумнавядомым аб’ектам дапамаглі сталовыя прылады і добры апетыт. Маўляў, каб і следу не засталося. І добра вядома, чаму. Апошні побыт у ізалятары кожны вязень чэмпіянату ўзгадвае па-свойму… балюча.

СЯРГЕЙ КАЗАКОЎ, БЫЛЫ ВЯЗЕНЬ АКРЭСЦІНА:

“Найбольш давіла фізічна тое, што не выпускалі на шпацыр. На вуліцы было горача, у камеры душна, камера не праветрывалася. Гэта адбіваецца на сэрцы і лёгкіх”.



Агулам у Беларусі дый падчас хакейнага чэмпіянату па адміністратыўных арыштах за краты трапілі трыццаць дзевяць грамадскіх актывістаў. Тэрміны зняволення складалі ад 5 да 25 содняў. Каб іх падоўжыць, міліцыянты нярэдка складалі пратаколы адразу паводле некалькіх правапарушэннях. Адначасова ў турму траплялі людзі зусім далёкія ад палітыкі і грамадскае дзейнасці. Дакладная іх колькасць застаецца невядомаю.

ЮЛІЯ СЦЯПАНАВА, КАМПАНІЯ «ЕЎРАПЕЙСКАЯ БЕЛАРУСЬ»:

“У СССР была практыка вывозіць людзей за 101 кіламетр. Нашыя ўлады вырашылі скарыстацца гэтым досведам. Усіх, хто быў невыгодны, накіроўвалі на Акрэсціна. Там сядзелі і дзяўчаты лёгкіх паводзінаў, і мужчыны, якіх улады прызналі нібыта асацыяльнымі”.



Як кажуць самыя былыя вязні…

ДАНІЛА ГАНЧАРОЎ, БЫЛЫ ВЯЗЕНЬ АКРЭСЦІНА:

“Гэта звычайны перагіб! Нельга так рабіць з людзьмі. Усіх пасадзіць і каб маўчалі! Гэта недасяжная мэта. Гэтага немагчыма дасягнуць”.



Перажыць сумныя турэмныя дні дапамагла, як і раней, салідарнасць неабыякавых людзей. Галоўнае, са словаў былых арыштантаў, што пра іх не забылі.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў