Студэнт па-беларуску адсудзіў у «Еўраопту» Br 18 млн


Алег Лысюк, які адсудзіў у «Еўраопту» Br 18 мільёнаў, распавёў «Белсату», як судзіўся на беларускай мове, як за 10 гадоў быў другім, хто здаваў дзяржаўны іспыт на юрыдычным факультэце па-беларуску, і як праз дзяўчыну прыйшоў да беларускасці.

«Чаму не адстаяць свае правы?»

Алег адпрацаваў камплектавальнікам па кантракце ў «Еўраопце» год, а потым звольніўся. Паводле закону, яму мусілі б у той жа дзень выплаціць заробак.

Аднак, зрабілі гэта толькі праз месяц. Тады хлопец пастанавіў: чаму не пазмагацца за свае правы і не спагнаць з гандлёвай сеткі кампенсацыю?

І далася гэтая барацьба студэнту-завочніку юрыдычнага факультэту Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэту не проста. Змагацца давялося не толькі з гандлёвай сеткай, але і з блізкімі.

Усе адгаворвалі ісці ў суд

«Спачатку ўсе адгаворвалі падаваць у суд. Пасля адгаворвалі абараняцца па-беларуску. Ніхто не верыў, што я змагу выйграць. Аднак вырашыў паспрабаваць. Атрымаецца ці не – у любым выпадку будзе практыка. Складанасці з’явіліся адразу. З юрыдычнай тэрміналогіяй на беларускай мове сутыкацца не даводзілася. Праўда, знайшоў англа-беларуска-расейскі юрыдычны слоўнік, які мне вельмі дапамог. Складана было і псіхалагічна. Першы суд. Як сябе паводзіць, як даказаць сваю пазіцыю?»

Суд быў з дзвюх частак. Спачатку папярэдняе слуханне, а потым судовы разгляд. На пачатку Алег заяўляў хадайніцтва, каб працэс вялі на беларускай мове. Суддзя адмовіла, бо адказчык быў супраць: не валодае мовай.

«Але я даваў тлумачэнні па-беларуску. Іх запісвалі на мове. Дарэчы, калі суддзя ўбачыла, што пазоў на беларускай мове, спытала, ці валодаю я расейскаю. Згодна з заканадаўствам, калі не валодаеш, мусяць даць перакладчыка. Але я ад яго адмовіўся».

У выніку – перамога. Адваяваныя Br 18 мільёнаў Алег пакуль не растраціў: «Пакінуў, няхай будуць. Не такія і вялікія грошы, але ўсё ж перамога».

Каб спадабацца дзяўчыне, загаварыў па-беларуску

Прага да беларускасці прачнулася ў Алегу два гады таму на вяселлі ў стрыечнай сястры. Ладзілі яго ў Зэльве на Гарадзеншчыне.

«Галя, мая сястра, мае філалагічную адукацыю. Ейны муж размаўляе па-беларуску. І калі я пазнаёміўся на вяселлі з іхнымі беларускамоўнымі сябрамі, мяне яны вельмі ўразілі. Яшчэ калі вучыўся ў школе, было жаданне размаўляць па-беларуску, але не мог. Дык вось – на тым вяселлі былі таксама госці з Украіны. Мне спадабалася адна ўкраінка. Яна з сяброўкамі запрасіла мяне і сястру да сябе ды запытала: «У вас такая цудоўная мова, чаму ж вы на ёй не размаўляеце?», – прыгадаў хлопец.

Пасля Алег прыняў цвёрдае рашэнне гаварыць выключна па-беларуску. І праз год ехаў у госці да дзяўчыны, ужо добра авалодаўшы роднаю моваю.

Выкладчыкі ва ўніверсітэце падтрымалі мову

Сёлета, на апошнім курсе навучання, студэнт юрфаку вырашыў, што здаваць дзяржаўны іспыт і абараняць дыплом ён будзе па-беларуску.

«Рыхтавацца да іспыту аказалася ў тры разы цяжэй, чым да суда. Агульная тэорыя права, грамадзянскае права, гаспадарчае права: агулам 90 пытанняў. Тры дні іх перакладаў. Некаторых тэрмінаў не было. У апошні момант хацеў усё кінуць, але любоў да мовы перамагла. Ды і не здаў бы я іспыт па-расейску. Калі на адной мове вучыш, то як на іншай здаваць? Камісія ва ўніверсітэце на іспыце была вельмі здзіўленая. Але ўспрынялі мой адказ на мове вельмі добра, казалі, што малайчына. Нават пытанні па-беларуску задавалі. Атрымаў 8 балаў».

Калі хлопец запытаўся ў старшыні камісіі, як часта студэнты адказваюць па-беларуску, аказалася, што Алег другі за 10 гадоў.

Абараніў дыплом маладзён таксама па-беларуску – і атрымаў таксама 8 балаў. Пісаць дыпломную працу таксама разлічваў на роднай мове, але навуковы кіраўнік адмовілася – не ведае мову на такім узроўні, каб кіраваць дыпломнай працай.

Калі ў Алега запыталіся падчас абароны, чаму дыплом напісаны на расейскай мове, а ён абараняўся на беларускай, хлопец адказаў: таму, што заканадаўства на беларускай мове не існуе.

«Я хачу, каб нешта змянілася, – тлумачыць Алег. – Дзяржаўныя мовы дзве, а ў актыўным карыстанні толькі адна. Цяжка, вядома, аднак першы крок – гэта ўжо дарога».

У судзе замежнік мае больш правоў, чым беларус

Як патлумачыў праваабаронца Валянцін Стэфановіч, паводле заканадаўства, судовы працэс можа весціся як на расейскай, так і на беларускай мове. Прычым, калі ўдзельнік працэсу заяўляе, што не разумее мовы, яму мусяць даць перакладчыка. Ён мае права знаёміцца з матэрыяламі справы на роднай мове, а таксама атрымліваць дакументы па-беларуску.

«Звычайна на хадайніцтва, каб судовы працэс ішоў па-беларуску, суддзя адказвае, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы, – распавёў Валянцін Стэфановіч. – Тэарэтычна, суддзі цяпер папросту не маюць магчымасці весці суд па-беларуску. Няма кодэксаў, афіцыйна перакладзеных на беларускую мову. А неафіцыйнымі перакладамі суддзя карыстацца не будзе».

Праваабаронца прыгадаў выпадак са скульптарам Гэнікам Лойкам. Калі на адным з судовых паседжанняў ён заявіў, што не разумее расейскую мову, і папрасіў даць перакладчыка, суддзя Алена Сямак адмовіла. І патлумачыла: раз Лойка жыхар краіны, у якой дзве дзяржаўныя мовы, то ён мусіць ведаць і расейскую.

“Але гэта не ў кампетэнцыі суда, вызначаць, ведае ці не ведае чалавек мову, – заўважыў праваабаронца. – Калі б Лойка размаўляў па-армянску, ён бы меў перакладчыка. Атрымліваецца, у Беларусі больш правоў мае той, хто карыстаецца замежнай моваю. Закон аб дзвюх дзяржаўных мовах проста не адпавядае патрабаванням Канстытуцыі. Адзіны абавязак дзяржаўных служачых – даваць пісьмовы адказ на зварот на мове звароту. Тэарэтычна, дзяржава гарантуе магчымасць свабодна карыстацца дзвюма мовамі ва ўсіх сферах. Але на практыцы мы бачым зусім іншае».

Як адзначыў Валянцін Стэфановіч, часта дзяржаўныя служачыя самі выбіраюць, на якой мове размаўляць. Тым часам гэтае права належыць чалавеку, які да іх звяртаецца па нейкай патрэбе.

«Насамрэч, у Беларусі адна дзяржаўная мова. Калі на ёй не выдаюцца законы, калі яна не ўжываецца ні ў судах, ні ў войску, ні ў следствах, ні ў іншых сферах – адчуванне, што па-беларуску толькі тапаніміка і прыпынкі ў метро. Сітуацыя катастрафічная. І нашаму грамадству трэба прыкладаць як мага больш намаганняў, каб беларуская мова стала сапраўды дзяржаўнаю», – раіць праваабаронца.

Настасся Маланка, belsat.eu

Стужка навінаў