Пятра Парашэнку намагаліся забіць


У ноч на 14 чэрвеня прадухілены замах на прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнку.

Паводле інфармацыі інтэрнэт-рэсурсу «Тема», у 0.20 патруль Упраўлення дзяржаховы (УДА), які адказвае за ахову аб’екта № 1 — будынка Адміністрацыі прэзідэнта, падчас абходу перыметра заўважыў чалавека, які ўцёк пры з’яўленні патруля.

Падчас агляду месца, якое ён пакінуў, блізу аднаго з выездаў з будынка АП, куды прыбывае прэзідэнцкі картэж, была знойдзена выбуховая прылада. Яна складалася з пяці гранатаў Ф-1 і РГД, узрывальніка і мабільнага тэлефона. Выбуховая прылада была начынена гайкамі. Зламыснік не паспеў прывесці прыладу ў стан гатоўнасці. У гэтым месцы на агароджы ўнутранага двара АП таксама была знойдзена запіска: «Калі не спыніш вайну, вайна прыйдзе да цябе».

«Украинские национальные новости» са спасылкай на спікера УДА Ігара Забілыка пацвярджаюць гэтую інфармацыю.

Парашэнка быў выбраны прэзідэнтам на датэрміновых выбарах 25 траўня. На пасаду ўвайшоў 7 чэрвеня. У ноч, калі быў прадухілены замах, у аэрапорце Луганску сепаратысты збілі вайскова-транспартны самалёт Іл-76 з 40 украінскімі ваеннымі і дзевяццю чальцамі экіпажу. 15 чэрвеня ў краіне абвешчана жалоба.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў