У Беларусі – мода на вяселлі з нацыянальным каларытам (Фота)


Фотарэпартаж з абраду ля Святога каменю на Барысаўшчыне.
Жаніх Дзмітрый Скварчэўскі зазначае: «Наш вясельны абрад – гэта не гістарычная рэканструкцыя. Гэта, хутчэй, інтэрпрэтацыя, прыстасаванне традыцыйных абрадаў пад сучаснасць, то бок актуалізацыя архаічнага абраду. Усе словы ды змовы – аўтэнтычныя вясельныя тэксты. Дзеянні – шмат у чым таксама. Гэта сучаснае перажыванне традыцыйнага абраду, пошук таго, як ён мог бы выглядаць у нашыя дні».
Згодна з беларускаю міфалогіяй, ад удару маланкі Перуна аб камень разляцеліся іскры, што і стала пачаткам тварэння свету. Дзякуючы сваім прыродным уласцівасцям, камень стаў сімвалам моцы ды непарушнасці, моцы сям’і і шлюбу. Існаваў цэлы шэраг абрадаў, калі маладыя прыходзілі перад вяселлем да святых камянёў па добраславенне. Да прыкладу, на Ашмяншчыне да Нявесцінага каменю і цяпер прыязджаюць маладыя, каб ускласці кветкі ды папрасіць моцы для сваёй сям’і. Таму шлюбны абрад Дзмітрыя Скварчэўскага і Ніны Зарожнай прайшоў ля Святога каменю.
Абрад пачынаўся са звароту да дзвюх стыхіяў, якія, згодна з беларускімі касмаганічнымі міфамі, былі першаэлементамі яшчэ да стварэння свету – вадзе і агню. Ваду, сімвал жаночае стыхіі, нявеста прынесла з размешчанага побач возера, званага ў народзе Святым. Над гарлачом чыталі вясельную любоўную замову, мэта якой – зрабіць шлюб моцным, пасля чаго гэтаю вадою маладыя па чарзе ўмыліся.
Стыхія агню – мужчынская. «Жывы агонь» высякалі крэсівам. Над полымем прачытвалі мужчынскую вясельную замову. Гэтае дзеянне мела сімвалізаваць запальванне сямейнага агмяню.
Перад маладымі таксама раскладвалі ручнік – сімвал супольнага шляху. Пасля таго, як пара на яго стала, ім звязваюць рукі іншым ручніком і абсыпаюць зернем – сімвалам наступнае стыхіі – зямлі. Падчас кожнага дзеяння таксама прамаўлялі замову.
Пасля таго, як жаніх зняў вянок нявесты, сімвал дзявоцтва, маці жаніха завязвае хустку – знак замужняе жанчыны ды прыняцця ў род.
Традыцыйна ручнік, які звязваў рукі маладых, з вышытымі на ім сімваламі мужчынскага і жаночага пачатку, прывязваюць да дрэва.
Усю цырымонію праводзілі пад гукі дуды – музычнага інструмента, які быў галоўным на беларускім традыцыйным вяселлі. Пасля кожны госць падышоў з віншаваннямі да маладых, каб атрымаць сваю частку вясельнага пірага і пітнога мёду.
АК, belsat.eu, паводле interfax.by, фота interfax.by
Стужка навінаў