Ці варта сёння класці грошы на дэпазіт?


Дэпазітная рулетка становіцца ўсё больш рызыкоўнай. Інфляцыя абганяе прагноз ураду ўдвая, а стаўкі на рублёвых дэпазітах для насельніцтва, наадварот, зніжаюцца.
ЛЕАНІД ЗАІКА, ЭКАНАМІСТ:
Уся Беларусь сядзіць зараз на грошах, на дэпазітах і бярэ па 3 % на месяц даходаў, што на Захадзе гэта – гадавы даход. І ёсць такая нацыянальная гульня. Калі інфляцыя дасягае паўтара адсотка ці пры двух адсотках, трымаць грошы ў беларускіх рублях ужо няма сэнсу”.
{movie}Сюжэт “аб’ектыва”: Гульня «па лініі»|right|16982{/movie}
Інфляцыя, паводле аптымістычных прагнозаў, дасягне на канец года 20 %. Між тым нават намінальныя прыбыткі ад рублёвых дэпазітаў для насельніцтва скараціліся з пачатку года на чвэрць. Вынік…
АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ:
У траўні 2014 года насельніцтва вельмі актыўна здымала рублёвыя дэпазіты і набывала валюту. Асабліва гэта заўважна паводле скупляння валюты. Яно ў разы перавысіла звычайныя паказнікі”.
Адток валюты з рублёвых дэпазітаў у траўні склаў у эквіваленце амаль 100 мільёнаў долараў. Праўда, эксперты супакойваюць: істотных праблемаў для ліквіднасці банкаў, а значыць, іх здольнасці выконваць свае абавязанні перад укладчыкамі гэтая тэндэнцыя пакуль не складае.
ЛЕАНІД ЗАІКА, ЭКАНАМІСТ:
Гэтыя ж беларускія рублі, толькі ў доларах, вернуцца ўжо ў дэпазітах валютных, вось і ўсё”.
Сапраўды, адток рублёвых укладаў насельніцтва ўдвая кампенсавала прытокам валютных дэпазітаў, дадаўшы наяўныя долары, купленыя ў абменніку. Рэальную пагрозу гэтая палітыка стварае не стабільнасці банкаў, а курсу рубля, хоць пакуль занепакоенасць насельніцтва ў паніку яшчэ не перарасла.
АНДРЭЙ КАРПУНІН, ЭКАНАМІСТ:
На гэты момант напружання на валютным рынку не адчуваецца, хаця золатавалютныя рэзервы ў нас растаюць”.
Але закупку насельніцтвам валюты Нацбанк фінансуе з золатавалютных рэзерваў. І іх рэзкае зніжэнне ў любы момант можа справакаваць лавінны эфект.
АНДРЭЙ КАРПУНІН, ЭКАНАМІСТ:
Калі людзі будуць бачыць, як растаюць золатавалютныя рэзервы краіны, то, натуральна, мы будзем перабываць увесь час у стане мандражу і панікі”.
Праўда, нядаўна амбасадар РФ Аляксандр Сурыкаў пацвердзіў заявы беларускага боку, што расейскі “ВТБ Банк” гатовы выдзеліць Менску мільярдны крэдыт, каб пратрымацца да восені. Але, па-першае, гэтая захада толькі часовая. Бо чаканы мільярдны крэдыт, які нашая краіна можа атрымаць ад расейскага ўраду восенню, гэтак жа, як і магчымы шосты транш ад Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, збольшага пойдзе на пагашэнне гэтай брыдж-пазыкі перад ВТБ. Але, па-другое, грошай гэтых усё ж такі па-ранейшаму пакуль няма.
Станіслаў Івашкевіч, “Аб’ектыў”
Стужка навінаў