Не глядзіць БТ, прадае хамякоў і вандруе па Еўропе


Пенсія – гэта не канец жыцця, а найлепшы час для ўвасаблення шматгадовых мараў. Лецішчу і гадаванню ўнукаў – таму, чым займаюцца ўлетку шмат якія беларускія пенсіянеры, – 78-гадовая Наталля Смалякова знайшла еўрапейскую альтэрнатыву.

{movie}Як беларускія бабулькі робяць «бабулькі» |right|16979{/movie}

НАТАЛЛЯ СМАЛЯКОВА, ПЕНСІЯНЕРКА:
“Гэта калекцыя маіх паездак”.

Пенсіянерка апошняе дзесяцігоддзе айчынныя рэаліі жыцця замяняе на падарожжы па Еўропе.

НАТАЛЛЯ СМАЛЯКОВА, ПЕНСІЯНЕРКА:
“Хочацца паглядзець, як жывуць людзі. Мы ж не жывем, мы існуем! Гэта ж усе разумеюць!”

І найбольш гэта відавочна ў параўнанні.

НАТАЛЛЯ СМАЛЯКОВА, ПЕНСІЯНЕРКА:
“У бары мяне абслугоўваюць. Я балдзею ад гэтага, бо мяне ніхто ніколі ў жыцці гэтак не абслугоўваў. Пасля ідзеш па вуліцах – там табе ўсе пасміхаюцца. Крый Божа, каб ты там нешта запытаў. Цябе ж адразу за рукі, на руках занясуць куды трэба. Пры гэтым любы, калі гэта замежнік, вядома. Расейцы – яны нічога не разумеюць. Я, між іншага, някепска валодаю англійскаю моваю: “Ай кэн спік інгліш вэры ўэл!”

Гэтага “вэры ўэл” хочуць і іншыя беларускія пенсіянеры. Хочуць, але не могуць.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
“За мяжою я ніколі не была”.
“Можа, баюся? Баюся! Але хацелася б!”
“А так падарожнічаю на лецішча”.
“Мы за сваю пенсію нават не ў стане адпачываць у нашых санаторыях”.
“Хачу паездзіць! Хачу ў Еўропу!”
“Не толькі здароўе, фінансы таксама не даюць магчымасці!

Фінансавыя праблемы і нават жыццё надгаладзь некалі мела і нашая гераіня, бо дапамагала дачцэ і ўнуку. Але замест удзячнасці родныя пасварыліся з пенсіянеркаю. Выратаваў псіхааналітык. Ён пераканаў, што місія маці скончылася для жанчыны тады, калі дачцэ споўнілася 18 гадоў, цяпер жа – час жыць толькі для сябе і ў сваё задавальненне. Але за якія сродкі? Ідэю падала сяброўка.

НАТАЛЛЯ СМАЛЯКОВА, ПЕНСІЯНЕРКА:
“Чаго ты ныеш – гадуй хамячкоў! Я, вядома, паглядзела на яе, як Ленін на буржуазію. Думаю, ты ж разумееш: я і хамякі!!! А пасля карона з галавы спала, і я стала займацца хамякамі”.

Эканаміст з адукацыі спадарыня Наталля хутка падлічыла ўсе выгады хамячковага бізнесу. Чатыры дзевачкі ды два хлопчыкі прыносяць штомесячны прыплод, то бок прыбытак – мінімум 600 тыс. Адкладзеныя за год гэтыя сродкі ды частка пенсіі і ідуць на падарожжы.

НАТАЛЛЯ СМАЛЯКОВА, ПЕНСІЯНЕРКА:
“Калі б мне нехта сказаў, што я ў свае 70 гадоў паеду ў Парыж, я плюнула б у морду”.

Парыж, Вена, Венецыя, Рым – далёка не поўны пералік гарадоў, што наведала беларуская пенсіянерка за апошнія гады. Прычым не адмаўляючы сабе ў прыемнасці не толькі пабачыць архітэктурныя цуды, але і пасмакаваць мясцовыя кулінарныя асаблівасці.

НАТАЛЛЯ СМАЛЯКОВА, ПЕНСІЯНЕРКА:
“Я наведваю ўсе рэстарацыі, я спрабую ўсё – піва…”

Гэтак жыве беларуская пенсіянерка раз на год, еўрапейскія ж людзі сталага веку – кожны дзень. Але і яны, нягледзячы на высокі ўзровень жыцця ў сваіх краінах, ахвотна падарожнічаюць па свеце. Тым больш што паездкі іхныя часткова спансаруе дзяржава.

ЛІЛІЯ КОБЗІК, РЭДАКТАРКА ГАЗЕТЫ «ТУРИЗМ И ОТДЫХ»:
“Па Залатым коле Расеі ездзяць амерыканскія, еўрапейскія пенсіянеры. Самалётам кудысьці далятаюць, і потым аўтобусам, куды трэба, паехалі. Для нас гэта дзіўна, што гэта субсідуе іхная дзяржава, каб чалавек мог пачувацца чалавекам, жыць прыемна”.

Адчыніўшы сабе акно ў Еўропу, пенсіянерка такіх жа прыемнасцяў зычыць і сваім беларускім аднагодкам.

НАТАЛЛЯ СМАЛЯКОВА, ПЕНСІЯНЕРКА:
“Хай бы наш урад пра гэта задумаўся! А не вешаў нам локшыну на вушы. У мяне ў тэлевізары няма ніводнага беларускага каналу – ні на гэтым, ні на тым. Я не слухаю ТБ Беларусь”.

Бо чым слухаць пра добрае жыццё, лепш ім жыць.

Вольга Старасціна, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў