Пад Жлобінам арганізоўваюць базу для уцекачоў з Украіны


Украінскіх бежанцаў маюць пасяліць у будынку былой сельскай школы ў Жлобінскім раёне. Першую сям’ю са Славянску чакаюць неўзабаве.

У сацыяльных сетках з’явіліся паведамленні пра стварэнне ў Жлобіне «базы для прыняцця мам з дзеткамі з паўднёвага ўсходу Украіны». «Тэрмінова трэба мэбля, прадметы быту, кухонныя рэчы, апрацоўчыя будматэрыялы, дзіцячыя цацкі, пасцельная бялізна, коўдры і падушкі, а таксама сродкі асабістай гігіены, памперсы, дзіцячае харчаванне, прадукты харчавання, лекі для дзетак і ўсё, што патрабуецца людзям для нармальнага жыцця. Збор арганізуем у Гомлі і Добрушы, затым адпраўляем усё ў Жлобін», — пішуць валанцёры ў «Аднакласніках».

База для сем’яў з паўднёвага ўсходу Украіны арганізуецца ў будынку былой школы ў вёсцы Касакоўка Жлобінскага раёну. Адзін з ініцыятараў кампаніі жыхар Жлобіну Алег Крапіцкі паведаміў, што ўзяў будынак былой школы ў арэнду і цяпер разам з валанцёрамі рыхтуе яго да прыёму сем’яў з дзецьмі з Данецкай вобласці.

Паводле яго, на заклік аб дапамозе адгукнуўся шмат хто — жыхары Гомлю, Жлобіну, Бабруйску, Менску. «Рэчаў было сабрана вельмі шмат. Мы ўжо завезлі ў былую школу газавыя пліты, у суботу завязем халадзільнікі, пральныя машыны», — паведаміў Крапіцкі.

Цяпер, паводле слоў актывіста, валанцёры дамаўляюцца з мясцовымі сельгаспрадпрыемствамі аб прыёме на працу бежанцаў з Украіны. «Прадпрыемствы гатовы дапамагчы ў працаўладкаванні сем’яў з Украіны, даць жыллё і працу», — сцвярджае валанцёр.

Ён паведаміў, што першую сям’ю са Славянску — жанчыну з двума дзецьмі — чакаюць ужо сёння, 13 чэрвеня. Валанцёры, паводле слоў Крапіцкага, гатовы размясціць у былой школе ў Касакоўцы да 100 чалавек.

У Папаратнянскім сельсавеце, на тэрыторыі якога знаходзіцца Касакоўка, паведамілі, што будынак былой школы ў лютым 2014 года выкупіў жыхар Жлобіну, але афіцыйна ён не аформлены як цэнтр для бежанцаў. Валанцёры, як заявілі ў сельсавеце, не ўзгаднялі свае дзеянні з мясцовай уладай і ўпаўнаважанымі органамі — МНС, санстанцыяй, міліцыяй.

Прадстаўнік сельсавету падкрэсліў, што будынак школы ўжо восем гадоў не эксплуатаваўся і наўрад ці можа быць прыдатным для пражывання сем’яў з дзецьмі — яго не правяралі ні пажарныя, ні санітарныя органы. Незразумелы пакуль і статус сем’яў з дзецьмі, якія нібыта павінны прыехаць у Касакоўку, дадалі ў сельсавеце.

У Жлобінскім райвыканкаме заявілі, што ніякага цэнтру і базы для бежанцаў з Украіны ў Касакоўцы няма. Ніхто з валанцёраў наконт гэтага ў райвыканкам не звяртаўся.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары