Казахстан адкрываецца на Захад. А што Беларусь?


Партнёр Беларусі па Мытным саюзе і вельмі блізкі паводле палітычнага рэжыму Казахстан у аднабаковым парадку адмяняе візы для грамадзянаў дзесяці краінаў, уключна з Вялікай Брытаніяй, Нямеччынаю, Францыяй і ЗША. Пра гэта заявіў сёння прэзідэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў на пасяджэнні замежных інвестараў.

Але нават гэты гучны анонс патануў у шэрагу іншых ільготаў для замежнікаў, якія Нурсултан Назарбаеў падпісаў ужо сёння. Сярод іх – вызваленне інвестпраектаў ад падаткаў на 10 гадоў, гарантыя нязменнасці правілаў, вяртанне часткі інвестыцыяў пасля завяршэння праекту.

{movie}Казахстан можа — а Беларусь? |right|16959{/movie}

МУРАТБЕК КЕТЭБАЕЎ, БЫЛЫ НАМ. МІНІСТРА ЭКАНОМІКІ РК:

“Задача – залучыць у Казахстан як мага больш замежных інвестыцыяў, бо краіна задыхаецца. То бок, нашая эканоміка – яна стагнуе, і ў гэтым сэнсе мы, на жаль, без падтрымання замежных інвестараў проста не абыдземся. Мы памрэм”.

Апрача таго, тлумачыць эксперт, эканамічнае збліжэнне з Захадам і Кітаем грае для краіны ролю геапалітычнага балансу, супраць Масквы, якая зацягвае Астану ў арбіту сваіх інтарэсаў, практычна, пад палітычным прымусам, завуалявана шантажуючы магчымаю дэстабілізацыяй багатай поўначы краіны, шчыльна заселенай расейцамі.

МУРАТБЕК КЕТЭБАЕЎ, БЫЛЫ НАМ. МІНІСТРА ЭКАНОМІКІ РК:

“А чаму Назарбаеў згадзіўся – бо ў яго проста не было варыянтаў. То бок, насамрэч, мы ў гэтым сэнсе нашмат больш уразлівыя, чым Украіна. У нас, груба кажучы, пяцьсот ветлівых чалавечкаў, яны разнясуць нашую ўладу цалкам”.

Не толькі для геапалітычнага балансу, а перадусім для выгады прапаноўвалі ўладам Беларусі адмяніць візы для еўрапейцаў прадстаўнікі руху “За свабоду”.

АЛЕСЬ ЛАГВІНЕЦ, РУХ «ЗА СВАБОДУ»:

“З эканамічнага гледзішча тут няма ніякіх пытанняў. І ёсць таксама даследаванні, якія кажуць, што Украіна выйграла ад увядзення бязвізавай прасторы з краінамі Еўрапейскага звязу. Сёння мы бачым, што, хутчэй за ўсё, з 2015 года ўкраінцы будуць мець бязвізавы ўезд у Еўрапейскі звяз, як гэта маюць малдаване. То бок, тут выгады відавочныя, і мы, як краіна ў цэнтры Еўропы, мусім быць адкрытыя як на Захад, так і на Усход”.



Чаму ж тады ўлады, наадварот, не толькі не ідуць на аднабаковую адмену візаў, але да апошняга часу ігнаравалі ініцыятывы аб спрашчэнні візавых працэдураў, якія Еўразвяз ініцыяваў сам?

АЛЕСЬ ЛАГВІНЕЦ, РУХ «ЗА СВАБОДУ»:

“Уладам, як кажуць, і хочацца, і колецца. З аднаго боку, ёсць эканамічная зацікаўленасць. З іншага – улады баяцца адкрываць шырэй краіну. Яны баяцца камунікацыяў беларусаў з грамадзянамі дэмакратычных краінаў. Бо потым аўтаматычна паўстануць пытанні, што ў Беларусі штосьці не так”.



Што да апытаных намі беларусаў, для якіх кантакты з замежнікамі яшчэ вельмі свежыя ў памяці – падчас ЧС па хакеі, адказы на пытанне: ці варта аднабакова адмяніць візы для заходнікаў, падзяліліся збольшага паводле ўзроставай прыкметы.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

“Думаю, для ўсіх гэта будзе добра”.

“Мы з Масквы. Ніякіх візаў, нармальна. А вось ЗША – ім няма чаго тут рабіць, па-мойму. Увогуле – ані ў Беларусі, ані ў Расеі”.

“Няхай таксама яны плацяць, тым больш, што ў іх грошы ёсць”.

“Чым кепска? Я не бачу ў гэтым нічога кепскага”.

“Вядома, трэба даўно гэта зрабіць”.

“Я скажу так. У нас вельмі разумныя ўлады, і яны правільнае рашэнне прымуць”.

Праўда, апошнім часам, на фоне падзеяў ва Украіне, улады Беларусі зноў спрабуюць аднавіць сувязі з Еўразвязам, у прыватнасці – у справе спрашчэння візавых працэдураў. Але, калі супрацу падаграюць толькі падзеі, што непасрэдна нагадваюць пра пагрозу страціць незалежнасць, наступная актывізацыя ўладаў у гэтым кірунку можа здарыцца запозна.

Станіслаў Івашкевіч, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў