Маруся вандруе па Беларусі. Барысаў


Мяне клічуць Маруся ці проста Маша. Мне хутка будзе шэсць год, і я збіраюся ў школу, каб быць дарослай. Аднойчы мы з матуляй вырашылі, што нядрэнна б пазнаёміцца з гарадамі і вёскамі на радзіме. Радзіма – гэта не толькі радзільня і горад, дзе ты нарадзіўся. Радзіма – гэта калі ў тваім жыцці ёсць месца, да якога вабіць з любой іншай краіны свету, ці яшчэ нейкая кропка на мапе, дзе ты праводзіш значную частку жыцця. А што пабачыла ў нашых падарожжах я вам буду распавядаць.

Неяк раніцай я круцілася ў ложку. Маці падышла да мяне з гарбатай і прапанавала апынуцца ў машыне часу.

– А што такое машына часу? – запыталася я.

– Вось калі трапім у парк у Барысаве, ты ўсё сама зразумееш. Машына часу дазваляе вандраваць у мінулае і будучыню. Дык вось мы трапім з табой у маё дзяцінства.

І я пагадзілася. Раней я лічыла, што мая маці і тата заўсёды былі дарослымі, пакуль я не ўбачыла фотаздымкі матулі, дзе яна нават менш за мяне, і здзівілася ад таго, як тата катаецца на маім дзіцячым ровары: «Мы дзяцінства ўспамінаем!» – патлумачылі радасныя бацькі.

Мне падабаецца, калі ў новых месцах я спрабую смачнае марозіва і катаюся на незвычайных арэлях. Вы ведаеце, што арэлі ў розных гарадах робяцца часам з дрэва, а часам з пластмасы? Калі мы жылі на мяжы, а бацька працаваў лекарам, наша пляцоўка складалася з жалезнай вясёлкі і жалезнай горкі, арэлі там увогуле нехта зламаў.

– І галоўнае: я пакажу табе белых мядзведзеў! – дадала маці.

Мая маці нарадзілася ў Барысаве. Горад мае мужчынскае імя, бо яго заснаваў князь Барыс. Адбылося гэта вельмі даўно, і горад вельмі стары – яму ажно 912 год! Праз раку Бярэзіну імператар Напалеон рабіў пераправу ў 1812. Таму нярэдка ў Барысаве можна сустрэць замежных гасцей, якія шукаюць сляды свайго адмірала. У сучасным горадзе шмат фабрык і заводаў, тут вырабляюць знакамітыя запалкі. Барысаў ведаюць за мяжой дзякуючы футбольнай камандзе БАТЭ. У гэтым годзе ў горадзе адчынілі вялікі стадыён, які ўзгадвае змяю ці будынкі з “дзіркамі” каталонскага архітэктара Гаўдзі.

Мы трапілі ў парк, дзе нічога незвычайнага спачатку не адбывалася. І нават людзей было няшмат. Я лічыла, што да мяне хутка прыбягуць белыя мядзведзі, але яны аказаліся помнікамі. Мы з сястрой з імі паабдымаліся – халодныя. Драўляная бабуля – іншая справа, цёплая і не з кім не сварыцца.

І тут мы знайшлі дзіцячую пляцоўку! Я вось не ведаю яшчэ, кім жа мне працаваць, калі стану дарослай. Вырашыла паспрабаваць быць пілотам. У мяне сабраўся цэлі экіпаж і нават сцюардэса ў ружовай сукенцы! Гульня ў пілота і арэлі мне спадабаліся, я б вось толькі іх размалявала ў іншыя колеры, напрыклад, як мая сцюардэса

Потым мы пасядзелі на каруселях з мамінага дзяцінства. І куды мы не хадзілі, усе яны адтуль, з мінулага!

– А вось гэтыя, за дзве капейкі ў дзірачку, былі мае любімыя, – засумавала мамачка.

– Калі ж тут нічога не змянілася, дык гэта ж не машына часу, мамуля, гэта ж музей нейкі! Вырашыла я яе супакоіць: музеі, вядома ж, існуюць назаўсёды, а значыць, маміна дзяцінства ніколі не знікне.

– Пойдзем, дзяўчынкі. Купім самае рознакаляровае марозіва, якое бывае на свеце !… І будзем маляваць каля ракі.

Гісторыю запісала Зарына Бабко для belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары